Абласны занальны семінар-практыкум для кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі адбыўся ў Ашмянскім раёне
02.05.2024
Музей – асаблівае і незвычайнае месца, у якім жыве памяць пра розныя падзеі. Тут захоўваецца гісторыя цэлых пакаленняў, факты аб гарадах і вёсках, лісты і фотаздымкі. Усё гэта вяртае ў мінулае, прымушае задумацца над сэнсам жыцця. У кожнай установе адукацыі існуе школьны музей або музейны пакой, дзе рупліва захоўваюцца каштоўныя экспанаты. Кіраўнікі музея часта сустракаюцца, каб падзяліцца вопытам, расказаць пра поспехі ў працы. Чарговая сустрэча адбылася ў межах абласнога занальнага семінара-практыкума для кіраўнікоў школьных музеяў.
Спачатку ўдзельнікі семінара завіталі ў гістарычныя Жупраны, якія славяцца не толькі прыгожай архітэктурай, але і выбітнымі асобамі. У школе на працягу доўгага часу функцыянуе літаратурны музей Францішка Багушэвіча. Юныя экскурсаводы правялі для гасцей змястоўную экскурсію, расказалі невядомыя факты пра славутага земляка, прачыталі яго вершы. У прасторным фае была арганізавана выстава-прэзентацыя музеяў устаноў адукацыі Ашмянскага раёна. Госці з вялікай цікавасцю знаёміліся з экспанатамі, слухалі аповед юных экскурсаводаў. З прывітальным словам да прысутных звярнулася Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі. Яна падзякавала гасцям за тое, што знайшлі час, каб наведаць наш раён і дакрануцца да яго гістарычнай спадчыны.
Зацікавіла гасцей і персанальная выстава дырэктара школы Уладзіміра Бізюка. На яго карцінах — пейзажы з мясцовымі краявідамі, архітэктурныя пабудовы Ашмян і іншых населеных пунктаў. Пасля ўдзельнікі семінара сабраліся ў актавай зале. Першай з дакладам выступіла Наталля Сызранцава, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства. Прысутныя заслухалі выступленні кіраўнікоў музеяў Ашмянскага раёна. Яркім момантам стала экскурсія па гістарычным мястэчку. Госці наведалі касцел Святых апосталаў Пятра і Паўла і могільнік.
Для ўдзельнікаў семінара гасцінна расчыніла дзверы і СШ № 2 г. Ашмяны. Госці наведалі школьны музей, пазнаёміліся з гісторыяй установы адукацыі, паслухалі выступленні педагогаў і вучняў. Змястоўная экскурсія чакала і ў Гальшанскай сярэдняй школе. Народны гісторыка-краязнаўчы музей імя Э.С. Корзуна вядомы далёка па-за межамі раёна. Былы дырэктар уклаў усю душу ў развіццё краязнаўчай справы. Гасцей віталі гістарычныя постаці – Соф’я Гальшанская, Ягайла і іншыя персанажы. Кожная зала – унікальная і самабытная, багатая каштоўнымі экспанатамі. Акрамя таго, прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай выставай аб выніках работы школьнага краязнаўчага музея.
Сапраўдным сюрпрызам для гасцей стала экскурсія ў Гальшанскі замак. Многія апынуліся тут упершыню. Незвычайныя краявіды, багатая экспазіцыя, прасторная назіральная пляцоўка – усё гэта выклікала сапраўднае захапленне ў гасцей.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць не толькі абмяняцца вопытам, пазнаёміцца з напрацоўкамі калег, але яшчэ і здзейсніць невялікую вандроўку па славутых месцах Ашмянскага раёна.