Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ашмяншчына далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам”

06.04.2024
Ашмяншчына далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам”
У Ашмянскім раённым цэнтры культуры адбылася сустрэча з артыстамі Маладзёжнага тэатра эстрады ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам”, якая стартавала ў канцы сакавіка і прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 

Памяць пра трагічныя падзеі вайны, гераічныя подзвігі беларусаў на франтах і самаадданую працу ў тыле, пра мільёны загінулых духоўна аб’ядноўваюць наша сучаснае грамадства. У Беларусі няма ніводнай сям’і, якую б не кранула сваім жахлівым крылом тая вайна. Яскрава, кранальна і эмацыянальна пра ваеннае ліхалецце расказваюць не толькі дакументы і ўспаміны, але і мастацкая літаратура, музыка, кіно. Мэта акцыі “Разам з мастацтвам” — крануць кожнае сэрца, асабліва маладога пакалення, аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны, выкарыстаўшы вялікую сілу мастацтва.

Удзельнікі акцыі, якія наведалі Ашмяны, усклалі кветкі да помніка загінулым воінам у гарадскім парку, аддаючы даніну іх подзвігу.

У фае цэнтра культуры былі прэзентаваны тэматычныя экспазіцыі — перасоўная выстава з фондаў Ашмянскага краязнаўчага музея ім. Ф.К. Багушэвіча «Айчыны слаўныя сыны”, выставы работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, малюнкаў «Нам жыць і памятаць» Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.

У зале сабраліся вучні старэйшых класаў школ горада і навучэнцы каледжа, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў раёна. Прывітала прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская, адзначыўшы вялікае значэнне акцыі ў выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні гістарычнай праўды пра гады ваеннага ліхалецця.

Вядучай мерапрыемства выступіла артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады Кацярына Мядзведзева. Са сцэны гучалі творчыя выступленні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Сяргеева, папулярных беларускіх выканаўцаў Алены Грышанавай і Яўгена Ермалковіча. У іх выкананні прагучалі знаёмыя мелодыі – песня “Цёмная ноч”, “Беларусь красивая, Беларусь сильная”, “Далеко-далеко”. Не менш чым творчыя выступленні, кранулі прысутных успаміны артыстаў пра родных, якія перажылі вайну, зведалі канцэнтрацыйныя лагеры і выгнанне на работы ў Германію, ваявалі і вярнуліся пераможцамі. Гэтыя ўспаміны выклікалі і боль, і гонар за тых, хто пераадолеў фашысцкую навалу, дзякуючы каму мы сёння жывём пад мірным небам. Ашмянцы таксама падрыхтавалі творчыя выступленні — вакальны нумар «Боль зямлі» ў выкананні мужчынскага вакальнага квартэта раённага цэнтра культуры і музыкальную кампазіцыю «Людзі, помніце» ў выкананні Марты Сташкевіч. А харэаграфічны нумар «Алея анёлаў» у выкананні выхаванцаў дзіцячага сада № 3 г. Ашмяны выклікаў слёзы і ў гледачоў у зале, і ў гасцей на сцэне. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання.Кожны куток Беларусі, які прымае агульнарэспубліканскую акцыю, урачыста перадае ўнікальны артэфакт часоў ліхалецця з роднай зямлі ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Экспанатам з Ашмян стала кніга “Памяць”, якую перадала мастацкаму кіраўніку агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам” Аляксандру Далжэўскаму загадчык сектара культуры  Ашмянскага райвыканкама Вольга Барысенка-Рабко.

У ходзе акцыі беларускія дзеячы культуры і мастацтва пабываюць больш чым на трыццаці дыялогавых пляцоўках па ўсёй краіне. Ужо знакамітыя і юныя артысты будуць выконваць патрыятычныя кампазіцыі і дзяліцца ўспамінамі. Далей дарога вядзе ўдзельнікаў акцыі ў Глуск і Клічаў. На сайце Маладзёжнага тэатра эстрады можна сачыць за навінамі акцыі, знаёміцца з яе матэрыяламі.

© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.