Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Каманда Ашмянскага раёна прыняла ўдзел у сустрэчы творчых моладзевых лабараторый Project Art

24.08.2024
   Сустрэча творчых моладзевых лабараторый Art Project прайшла тыдзень таму, але ўспаміны аб мерапрыемстве і сёння саграваюць душу тых, хто прыняў у ім удзел.
   — «Культура. Адзінства. Моладзь " - пад такім дэвізам прайшла сустрэча, якая дазволіла работнікам культуры пагутарыць з кіраўніцтвам вобласці і пачуць іх пункт гледжання і прапановы па развіцці нашай сферы, – заўважыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Чэрская, якая ўзначаліла нашу каманду падчас паездкі на турбазу «Нямнова», што побач са Аўгустоўскім каналам.
    Ашмянскі раён на творчым форуме разам з Таццянай Чэрскай прадстаўлялі старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Крыніцкая, намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Канстанцін Яраш, тры маладыя спецыялісты, якія прыйшлі сёлета ў дзіцячую школу мастацтваў-Ілля Сасноўскі, Карына Арцём і Надзея Гудэбская. "Няштатным" удзельнікам каманды стаў кіроўца Міхаіл Маркоўскі, пад чулым кіраўніцтвам якога быў арганізаваны побыт.
   - Наша каманда «Ашмянская шляхта» распавяла пра свой раён з дапамогай выставы гісторыка-культурных славутасцяў краю, удзелу ў творчых конкурсах, дэманстрацыі работ народных майстроў, - адзначыла Таццяна Віктараўна. - Свае творчыя здольнасці часам трэба было праявіць экспромтам. Да прыкладу, аб'яднацца з зусім незнаёмымі людзьмі і выканаць у лічаныя хвіліны прапанаванае заданне. Наша «Четверочка» з задачай справілася цудоўна, заняўшы пры гэтым трэцяе месца.
   Творчыя моладзевыя лабараторыі ўяўлялі сабой мікс з элементаў турыстычнага злёту і творчага конкурсу, дзе ўдзельнікі каманд паказвалі ўменне арганізаваць побыт турыста і раскрыць свой творчы і інтэлектуальны патэнцыял.
   Вынікам цёплай і дружнай сустрэчы стаў габелен з траў і кветак, прывезеных з усёй вобласці. У год народнага адзінства ён стаў сведчаннем таго, што творчасць як нішто іншае здольна аб'яднаць людзей і запаліць іх новай ідэяй на карысць роднай краіны.
   Увечары ля вогнішча ўсе разам спявалі песні і развучвалі беларускія народныя танцы. За два дні ўдзельнікі мерапрыемства пасябравалі і знайшлі агульныя тэмы для размовы, якія тычыліся вольнага баўлення часу, музычных і літаратурных пераваг, творчых захапленняў.
   Ініцыятыўнасць, актыўнасць і мэтанакіраванасць маладых спецыялістаў гаварылі аб тым, што ў сваю прафесію яны прыйшлі невыпадкова. На памяць аб мерапрыемстве ва ўрачыстай абстаноўцы моладзь атрымала падарункі ад прафсаюзаў, а каманда – спецыяльны прыз.
   Дарэчы, абкам і райкамы прафсаюзных арганізацый работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму прынялі актыўны ўдзел у правядзенні мерапрыемства. Усе арганізацыйныя пытанні яны ўзялі на сябе. Як адзначыла Таццяна Чэрская, сваё надзейнае плячо камандзе падставілі Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ДЮСШ, раённы цэнтр культуры, раённая арганізацыя РГА «Белая Русь».

Ашмянскі Веснік
© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.