Маладым педагогам уручылі працоўныя кніжкі
29.08.2024
Да пачатку новага навучальнага года застаюцца лічаныя дні. Школы актыўна рыхтуюцца да гэтай падзеі. Падрыхтоўка скончана, а навучальныя ўстановы папоўніліся новымі падручнікамі і сучасным абсталяваннем. Аднак школы і дзіцячыя садкі ўзбагаціліся не толькі матэрыяльна-тэхнічнай базай, але і новымі кадрамі. У гэтым годзе ў наш раён прыйшло 37 маладых спецыялістаў. Першага верасня яны пазнаёмяцца са сваімі выхаванцамі, а пакуль парацоўная моладзь абжываецца і прызвычайваецца да новай дзейнасці.
28 жніўня маладых педагогаў чакала знакавая і важная падзея – уручэнне працоўных кніжак. На парозе гімназіі №1 г. Ашмяны маладых спецыялістаў сустракалі супрацоўнікі ўстановы на чале з дырэктарам Вольгай Саванец. Актавая зала, стылізаваная пад утульную кавярню, здзівіла і ўразіла гасцей. Да сваіх маладых калег звярнуліся настаўнікі гімназіі. Яны падзяліліся сакрэтам поспеху і пажадалі кожнаму маладому настаўніку крочыць толькі ўперад, бясконца любіць сваю справу, аддавацца ёй цалкам. Звярнуліся і маладыя калегі, што працуюць у гімназіі. Юлія Дэрвіс, Ганна Юралевіч, Арцём Гайко, Ілона Аляхновіч расказалі аб сваіх першых поспехах у прафесіі і падзяліліся формулай прафесійнага росту.
Шчымлівым і хвалюючым момантам было выкананне гімна настаўніцтва Ашмянскага раёна. Кожны радок, здаецца, адгукаўся ў сэрцах маладых людзей, дапамагаў глыбей адчуць важнасць і значнасць педагагічнай прафесіі. З прывітальным словам да прысутных звярнулася Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі. Яна пажадала настаўнікам набірацца вопыту ад старэйшых калег, наследваць добрыя традыцыі, пастаянна развівацца і самаўдасканальвацца. Святлана Мікалаеўна пажадала, каб усе маладыя педагогі замацаваліся ў Ашмянскім раёне і тут будавалі сваё далейшае жыццё. Пад апладысменты ім былі ўручаны працоўныя кніжкі. Хімікі, гісторыкі, філолагі, матэматыкі – усе яны маюць розныя спецыяльнасці, аднак іх аб’ядноўвае адно – любоў да сваёй справы, імкненне запальваць агонь ведаў у дзіцячых сэрцах.
Прысутнічала на мерапрыемстве і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Шыдлоўская. Яна нагадала аб тым, што настаўнік не толькі вучыць, але яшчэ і выхоўвае маладое пакаленне. Асаблівай павагай і аўтарытэтам у дзяцей карыстаюцца маладыя і творчыя настаўнікі. Вольга Леанідаўна зазначыла, што маладыя педагогі здольны выхаваць таленавітых і творчых людзей – сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Акрамя працоўных кніжак, настаўнікам былі ўручаны невялікія падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі.
Музычныя нумары, падрыхтаваныя выхаванцамі гімназіі, стваралі прыўзняты настрой, дапамагалі акунуцца ў святочную атмасферу. Маладыя настаўнікі адчулі сябе часткай адной вялікай педагагічнай сям’і. Хоць, трэба зазначыць, у гэтым годзе ёсць месца і для сямейных тандэмаў.
Аліна і Ангеліна Яжэвіч – родныя сёстры. Яны нарадзіліся ў адзін дзень, скончылі адну школу, пасля – універсітэт, а зараз будуць працаваць у адным раёне. Дзяўчаты родам з Кальчун. Яны адзначаюць, што любоў да педагогікі ў іх сэрцах запалілі настаўнікі Кальчунскай школы. Аліна будзе працаваць настаўніцай пачатковых класаў у Гальшанскай сярэдняй школе, а Ангеліна – выхавальніцай у дзіцячым садку №1 г. Ашмяны. Дзяўчаты скончылі БДПУ імя Максіма Танка.
— Любоў да настаўніцтва ў нас прысутнічала з самага дзяцінства. Седзячы на ўроках, часта ўяўлялі сябе на месцы педагогаў. Аднак мы больш схільныя працаваць з дзецьмі малодшага ўзросту, бо яны шчырыя і непасрэдныя. Гэтыя якасці вельмі падкупаюць. Сястра Ангеліна паступала з мэтавым накіраваннем, таму будзе адпрацоўваць пяць год. Для мяне абавязковая адпрацоўка складае два гады. Гальшаны выбрала сама. Мне падабаецца гэты аграгарадок. Спадзяюся, што знайду падыход да сваіх вучняў і лёгка ўвальюся ў новы калектыў, — зазначае Аліна Яжэвіч.