Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Маршрут пралёг праз Ашмяншчыну

30.09.2024
Маршрут пралёг праз Ашмяншчыну
Праз Ашмянскі раён пралёг маршрут рэкламнага тура, арганізаванага Упраўленнем спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Прадстаўнікі турыстычных арганізацый і экскурсаводы з абласнога цэнтра змаглі пазнаёміцца з унікальнымі турыстычнымі прадуктамі, якія паспяхова працуюць на Ашмяншчыне.
У нашым раёне ўдзельнікі тура наведалі Гальшанскі замак, помнік археалогіі-гарадзішча, Касцёл Святых Пятра і Паўла ў Барунах, а таксама ўнікальны помнік прыроды-валун "Нявесцін камень". У тым, што Ашмянскі раён-адзін з самых дзіўных рэгіёнаў Беларусі, - змаглі пераканацца і госці. Вядома, удзельнікаў тура, здзівіць складана, але падчас пандэміі і пры закрытых межах многія з іх пашырылі магчымасці ўнутранага турызму. Кліенты турыстычных фірмаў таксама не засталіся ўбаку і зацікаўлены ў тым, як можна добра адпачыць у сябе на радзіме і адкрыць багатую гісторыю, традыцыі і культуру Беларусі.
Метадыст упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Ангеліна Русакова адзначыла, што з такімі рэкламнымі турамі яны аб'ездзілі практычна ўсе раёны вобласці. Кожны з іх па-свойму унікальны і аўтэнтычны, напрыклад, немагчыма не надаць увагу авеянаму легендамі замку роду Сапегаў, дзе, паводле паданняў, да гэтага часу блукаюць прывіды. І, будучы ў Гальшанах, не заехаць у суседні раён, каб наведаць руіны Крэўскага замка.
- Падчас такіх рэкламных тураў кіраўнікі і супрацоўнікі турфірм могуць на месцы ўбачыць і ацаніць турыстычныя аб'екты, інавацыйныя праграмы, славутасці, якія не ўключалі ў свае экскурсійныя праграмы раней, — адзначыла Ангеліна Русакова. - Тут яны наладжваюць супрацоўніцтва, абменьваюцца кантактамі, абмяркоўваюць шэраг пытанняў з прадстаўнікамі тых ці іншых аб'ектаў. Наведваючы раёны вобласці, мы бачым, як наладжана праца ў рэгіёнах і якая там створана інфраструктура і аб'екты, якія нашым тураператарам трэба будзе аб'яднаць у паўнавартасны турпрадукт.
Першым пунктам маршруту стаў Гальшанскі замак, тут удзельнікаў тура сустрэлі метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, інструктар-метадыст турысцка-інфармацыйнага цэнтра Валерыя Пшэннік, дырэктар і навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча Алена Жесткова і Святлана Чарняк.
Пасля гутаркі з Сяргеем Жылікам госці накіраваліся да абноўленай Паўночнай вежы Гальшанскага замка, дзе іх ужо чакала ключніца і захавальніца таямніц. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення, падрыхтаванага супрацоўнікамі раённага цэнтра культуры, удзельнікі тура змаглі сустрэцца з Паўлам Сапегай і Соф'яй Гальшанскай, легендарнымі белай дамай і чорным манахам. Пад гукі атмасфернай і зачаравальнай сярэднявечнай музыкі героі вечара распавялі гісторыю Гальшанскага краю ў легендах і паданнях. Праграму працягнула экскурсавод Таццяна Завадская, якая прапанавала наведаць абноўленую Паўночную вежу, прагуляцца па лесвіцах, якія яе апяразваюць, палюбавацца выглядам на легендарнае мястэчка з аглядных пляцовак і пабываць на ўсіх трох паверхах вежы і ў падвальным памяшканні.
На Ашмяншчыне суседнічаюць дзясяткі помнікаў гісторыі і культуры, прыроды і археалогіі, якія, несумненна, будуць цікавыя турыстам з розных куткоў рэспублікі. Яшчэ раз у гэтым госці змаглі пераканацца, наведаўшы Гальшанскае гарадзішча, на якім некалькі стагоддзяў таму стаяў драўляны замак. Авеянае легендамі месца на самай справе ўражвае, а турыстаў, якія забяруцца наверх, чакае ўзнагарода – Панарама старажытнага мястэчка.
Пасля наведвання значных аб'ектаў Ашмяншчыны ўдзельнікі тура накіраваліся ў суседні Смаргонскі раён, дзе ля сцен Крэўскага замка іх чакала анімацыйная праграма і майстар-класы.

АВ
© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.