На Ашмяншчыне ідзе ўборка азімага ячменю
08.07.2024
Сёлета вясна выдалася надзвычай ранняя і цёплая – надвор’е спрыяла хуткаму росту азімых культур. Таму і жніво пачалося даволі рана. У гаспадарках раёна завяршаецца ўборка азімага ячменю. Яго перавага — у раннім паспяванні. Таму да пачатку масавай уборкі яравых культур ёсць магчымасць упэўніцца ў тэхнічным парку, сушыльных комплексах. Таксама культура — важны кампанент фуражнага кармлення жывёлагадоўчага статку і магчымасць атрымаць свежую салому для падсціла.
Шэраг гаспадарак раёна ўжо ўбралі азімы клін ячменю. Аграрыяў КСУП “Кракоўка” мы заспелі на полі непадалёк ад аграгарадка.
Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Лукашэвіч, у гаспадарцы пасеяна 190 гектараў гэтай культуры, 120 з іх – ужо ўбралі.
На полі з самага ранку шчыруюць чатыры камбайны, якімі спраўна кіруюць Станіслаў Суравец, Андрэй Бурачэўскі, Аляксандр Суравец, Андрэй Лабачэўскі. Да канца дня яны плануюць завяршыць уборку азімага ячменю.
Надвор’е добрае, адвозка зерня арганізавана – побач дзяжураць вадзіцелі Казімір Сальмановіч, Валерый Суравец, Уладзімір Гадлеўскі, імпэт да працы ёсць.
Спорыцца справа!