Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

На планёрцы ў райвыканкаме: школьнае харчаванне, выпускныя вечары і маніторынг санітарнага стану пад'ездаў

31.05.2024
На планёрцы ў райвыканкаме: школьнае харчаванне, выпускныя вечары і маніторынг санітарнага стану пад'ездаў
Густ да ведаў-праз сталовую

   Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу школа ступіла далёка за межы звыклага ўзаемадзеяння "настаўнік-вучань". Граніт навукі даецца значна лягчэй і больш эфектыўна пры выкананні шэрагу здароўезберагальных кампанентаў. Харчаванне-адзін з іх.
   Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў Ашмянскім раёне гарачым харчаваннем ахоплена 96 працэнтаў дзяцей. Пры неабходнасці прадугледжана дыетычнае харчаванне, працуюць школьныя буфеты. Наладжана рэгулярная праца па павышэнню кваліфікацыі работнікаў харчаблока, ажыццяўляецца кантроль за арганізацыяй харчавання. Так, за бягучы год было праведзена 17 праверак, па выніках якіх выдадзена 14 рэкамендацый рознага характару. Парушэнні ў ажыццяўленні вытворчага кантролю за якасцю прыгатавання страў у адпаведнасці з тэхналагічнымі картамі і рэцэптурнымі раскладкамі, падкрэсліў кіраўнік раёна, недапушчальныя.

Школьны выпускны - 10 чэрвеня

   Школьную тэму працягнула начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская, якая далажыла аб падрыхтоўцы выпускных вечароў. У гэтым годзе яны запланаваны на 10 чэрвеня. Раённы выпускны баль па традыцыі пройдзе на гарадской плошчы.
   Пасля цырымоніі ўзнагароджання лепшых вучняў і канцэртнай праграмы святочныя вечары працягнуцца ў сценах школ раёна. Ва ўрачыстай абстаноўцы выпускнікі атрымаюць атэстаты сталасці і адсвяткуюць заканчэнне школы. Пры падрыхтоўцы выпускных вечароў юнакі і дзяўчаты, іх педагогі абралі самыя разнастайныя формы, аднак сышліся ў адным: школа-тое, што нас аб'ядноўвае і нават праз гады вяртае ў дзяцінства. У Год народнага адзінства гэта асабліва актуальна.

Пад'езд пад'езда розніца

   З 488 пад'ездаў Ашмянскім РУП ЖКГ убіраецца 291. А ўсё таму, што так вырашылі самі жыхары, адмовіўшыся ад паслуг камунальнікаў і заключэння з імі дагавораў.
  Вось толькі ці спраўляюцца самі грамадзяне з задачай па ўборцы месцаў агульнага карыстання? У кагосьці складзеныя графікі, якія выконваюцца, у кагосьці-яны толькі на паперы. А дзе-то няма ні графікаў, ні парадку.
   Старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын даручыў правесці маніторынг санітарнага стану пад'ездаў і прыняць адпаведныя меры. Калі трэба, нагадаць жыхарам аб узятых на сябе абавязацельствы альбо згодна з заканадаўствам ажыццявіць ўборку, не чакаючы іх згоды. Такія прыклады, адзначыў начальнік упраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Яўген Гаўрыс былі ў мінулым годзе: па скарзе некалькіх жыхароў выраблялася такая ўборка.
   Яўген Уладзіміравіч таксама адзначыў, што завершана заключэнне дагавораў на ўборку 14 прыдамавых тэрыторый ЖБВК, якія раней не адрозніваліся парадкам, і з 1 чэрвеня гэты клопат возьмуць на сябе работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

На кантролі

   На аператыўнай нарадзе з удзелам старшыні райвыканкама разглядаліся таксама пытанні навядзення і падтрымання парадку, у тым ліку і на аб'ектах, якія не выкарыстоўваюцца па тых ці іншых прычынах. Кіраўнік раёна адзначыў, што ў гэтай справе дробязяў не бывае. Пачынаць трэба з малога: пакосу травы, афарбоўвання лавак, фасадаў, абмежаванні доступу ў будынкі, якія могуць прадстаўляць небяспеку для жыцця і здароўя людзей.
   Уладзіслаў Гершгорын даручыў таксама павялічыць тэмпы па замене энергазатратных свяцілень на сучасныя святлодыёдныя, якая ажыццяўляецца ў рамках экалагічнай ініцыятывы пад назвай «Павышэнне энергаэфектыўнасці і экалагічнасці сістэмы вулічнага асвятлення ў г.Ашмяны».

Ашмянскі Веснік
© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.