Новыя "Тысячы" ў хлебны каравай Ашмянскага раёна дадалі аграрыі КРСУП "Баруны"
14.08.2024
Жніво ў Ашмянскім раёне працягвае набіраць тэмпы. Па стане на 11 жніўня ў раёне ўбрана 40 працэнтаў збожжавых і зернебабовых культур (без уліку кукурузы, грэчкі і проса). Абмалочана ў агульнай складанасці 5714 га плошчаў з наяўных 14247 га.сярэдняя ўраджайнасць у гаспадарках Ашмяншчыны складае 30,1 цэнтнера з гектара.
Аграрыі КРСУП "Эксперыментальная база "Баруны" на ўчорашні дзень убралі 55 працэнтаў пасяўных плошчаў і з улікам таго, што ў гаспадарцы самая вялікая хлебная Ніва ў раёне – 3100 га, з'яўляюцца бясспрэчнымі лідарамі на жніве. Упэўнена падбіраецца да тысячы камбайнер Уладзімір Казлоўскі. А вось кіроўцы МАЗаў-дзесяцітоннікаў Чэслаў Шукеловіч і Сяргей Балзан, занятыя на адвозцы збожжа з поля, гэтую мяжу ўжо пераадолелі.
Павіншаваць лідараў-тысячнікаў паспяшаліся першы намеснік старшыні райвыканкама-начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Андрэй Гардзей, намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай і дырэктар КРСУП «Эксперыментальная база «Баруны» Эдвард Люткоўскі.
Словы падзякі за плённую, добрасумленную працу і актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі, кветкі і грашовыя сертыфікаты – пераканаўчы стымул працаваць яшчэ больш эфектыўна, штодня прыкладаючы намаганні да таго, каб хлебны каравай раёна быў яшчэ больш важкім.