Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

 Перамогай ашмянскіх спартсменаў завяршыўся Калядны турнір па гандболе на прызы старшыні райвыканкама

06.01.2024
 Перамогай ашмянскіх спартсменаў завяршыўся Калядны турнір па гандболе на прызы старшыні райвыканкама
На працягу трох дзён самыя хуткія, спрытныя і трапныя юнакі і дзяўчаты змагаліся за лідарства ў традыцыйным Калядным турніры на прызы старшыні Ашмянскага райвыканкама. Напал гульні з кожнай хвілінай толькі набіраў абароты, бо лік на табло мяняўся з хуткасцю кожнага закінутага мяча. Радаваліся заўзятары, падтрымліваючы свае каманды, перажывалі трэнеры, хваляваліся спартсмены.

Сапраўдным натхненнем стала для дзяцей сустрэча з заснавальнікам турніру Уладзіславам Гершгорыным і алімпійскім чэмпіёнам Андрэем Барбашынскім, трыумф якога марыць паўтарыць кожны юны спартсмен.

Дарэчы, падобныя спаборніцтвы дазваляюць гандбалістам развіваць майстэрства, напрацоўваць вопыт, знаёміцца з іншымі школамі гандбола. Так, у цяперашнім турніры прынялі ўдзел 9 каманд са Слуцка, Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву Мінска, Мінскай гарадской спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па гульнявых відах спорту, спартыўнага клуба «цукровы шторм» (Скідзель), расійскага горада Балашыха і, вядома, з Ашмянаў.



Віншуючы юнакоў і дзяўчат з заканчэннем турніру, старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын пажадаў ім паспяховых новых стартаў, волі да перамогі і веры ў свае сілы.

Уладальнікамі кубкаў пераможцаў сталі дзяўчаты з Ашмянаў і юнакі з Балашыхі, якія прымалі Медалі і падарункі ад кіраўніка раёна. За другое месца ў турніры алімпійскі чэмпіён, намеснік старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Андрэй Барбашынскі ўручыў узнагароды камандзе дзяўчат РЦАР Мінска і юнакам з Ашмянаў. Трэці радок у турнірнай табліцы занялі дзяўчаты са Слуцка і юнакі са Скідзеля, для якіх дадаткам да падарункаў стала поціск рукі галоўнага суддзі спаборніцтваў Мікалая Тадарашкі.



У цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталля Станкевіч, загадчыца сектара спорту і турызму Жанна Шыдлоўская і дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ім. Барбашынскага Уладзіслаў Шарамецьеў.




Яркае спартыўнае свята завяршылася, а ўражанні засталіся, як і стымул для новых перамог, на якія настроены ашмянскія гандбалісты — выхаванцы Веры Мальцавай, Аляксандра Пяткевіча і Аксаны Ляшчовай.


© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.