Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

У Ашмянах падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і выканання раённага бюджэту за першае паўгоддзе

31.08.2024
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і выканання раённага бюджэту за першае паўгоддзе разгледзелі на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
- Станоўчыя тэндэнцыі бачныя, асабліва ў развіцці сельскай гаспадаркі — - адзначыў старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын. - За першае паўгоддзе выкананы ўсе паказчыкі па жывёлагадоўлі.

Нараўне з пазітыўнай дынамікай кіраўнік раёна паказаў на шэраг недаглядаў у сферы прамысловасці, у прыватнасці на выкананне такога паказчыка, як інвестыцыі ў асноўны капітал, а таксама на неабходнасць дэталёвага аналізу прычын недапрацовак.

На гэтых і іншых праблемных момантах завастрыў увагу ў сваім дакладзе і намеснік старшыні райвыканкама Юрый Знесар. За першае паўгоддзе гэтага года ў раёне выраблена прамысловай прадукцыі на суму 117,3 млн рублёў, тэмп росту склаў 108,9 адсотка. Забяспечылі выкананне і рост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ААТ «Радыётэхніка», «Белкофе», Ашмянскі сыраробны завод, Ашмянскае РУП ЖКГ. Зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці адзначаецца ў ААТ "Ашмянскі мясакамбінат" і "Гальшанскі крухмальны завод".

За першае паўгоддзе арганізацыямі Ашмянскага раёна выкарыстана 18,5 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал, або 71,2 адсотка да адпаведнага перыяду 2020 года. Сярод прычын зніжэння тэмпу росту-высокая планка мінулага года, а таксама зрушэнне тэрмінаў будаўнічых работ па шэрагу аб'ектаў.

Органамі дзяржаўнага і гаспадарчага кіравання раёна прымаюцца меры па павышэнню ўзроўню заработнай платы ў арганізацыях рэальнага сектара эканомікі, так і бюджэтнай сферы. Тэмп росту заработнай платы за студзень-чэрвень 2021 года склаў 105,4 працэнта. На 1 жніўня пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце заработнай платы ў раёне не маецца.

Як адзначыў першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Гардзей, у сельгасарганізацыях раёна за першае паўгоддзе выраблена валавой прадукцыі на суму 28,1 млн рублёў, што складае 108,3 адсотка да аналагічнага перыяду мінулага года. Устаноўленае заданне па тэмпу росту валавой прадукцыі выканалі сем сельгасарганізацый. У КСУП "Ашмянскі світанак" ён склаў 98 працэнтаў пры заданні 101.

У структуры вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі найбольшую ўдзельную вагу — 64,1 працэнта — займае вытворчасць малака, 33,6 — вытворчасць жывёлы. Пры гэтым адзначана выкананне ўсіх паказчыкаў.

Не так аптымістычна складваецца сітуацыя ў галіне раслінаводства, дзе прагназуецца недабор збожжавых да ўзроўню мінулага года. Аднак няпростыя ўмовы надвор'я не перашкодзілі аграрыям у аптымальныя тэрміны і якасна правесці нарыхтоўку кармоў. На 5 жніўня сельгасарганізацыямі нарыхтавана 26,2 тысячы тон кармавых адзінак, у тым ліку на адну ўмоўную галаву — 14,1 цэнтнера. Гэты паказчык адзін з лепшых у Гродзенскай вобласці.

У першым паўгоддзі, адзначыў намеснік старшыні Андрэй Клышэўскі, уведзена ў эксплуатацыю 2047 квадратных метраў жылля, у тым ліку ў сельскай мясцовасці-832 квадратныя метры індывідуальнага жылля. У мікрараёне шматкватэрнай забудовы па вуліцы Барунскай працягваецца будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома.

Аб'ём будаўніча-мантажных работ за першае паўгоддзе склаў 8,7 млн рублёў.

Аб выніках выканання бюджэту раёна членаў выканкама і запрошаных праінфармавала начальнік фінансавага аддзела Людміла Мардас. За першае паўгоддзе ў бюджэт раёна паступіла 15 147,3 тысячы рублёў уласных даходаў. Выдаткі бюджэту прафінансаваныя ў суме 28 503,4 тысячы рублёў. Пры гэтым у прыярытэце застаецца сацыяльная сфера, на фінансаванне якой накіроўваецца 76,9 адсотка бюджэтных сродкаў.

Ашмянскі Веснік
© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.