У Ашмянскім раёне перадавікі ўборачнай кампаніі прымаюць віншаванні
01.08.2024
На Ашмяншчыне працягваецца ўборачная кампанія. З кожным днём шэраг экіпажаў і вадзіцеляў, якія перасягнулі тысячны рубеж, павялічваецца. Спіс лідараў на жніве папоўніў маладзёжны экіпаж з КСУП “Гальшаны”, у які ўвайшлі Дзмітрый Роўба і Яўген Яцкоўскі, а таксама вадзіцелі — Аляксандр Прыгодскі з КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны” і Міхаіл Заянчкоўскі з КСУП “Крэйванцы”.
Павіншаваць хлебаробаў і падзякаваць за плённую працу прыехалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэй Янюк і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай. Далучыліся да віншаванняў і кіраўнікі гаспадарак Эдвард Люткоўскі, Міхаіл Скаржынскі і Аляксей Чарняўскі.
Адрасуючы самыя цёплыя словы самаадданым рупліўцам, Андрэй Янюк адзначыў, што цудоўная традыцыя ўшанавання тысячнікаў-камбайнераў, іх памочнікаў, вадзіцеляў існуе ўжо даўно. І нездарма, бо ўсе гэтыя працаўнікі, ад якіх залежыць лёс ураджая і вага хлебнага каравая, заслугоўваюць толькі шчырай падзякі за плён і старанне. Раіса Турлай пажадала, каб дасягненні хлебаробаў множыліся, а праца прыносіла задавальненне.
Прыемным дадаткам да шчырых слоў сталі кветкі і грашовыя сертыфікаты.
Экіпаж маладых руплівых хлебаробаў з Гальшан у такім складзе працуе ўпершыню, аднак і Дзмітрый Роўба, і Яўген Яцоўскі ўжо маюць вопыт у сялянскай справе. У Дзмітрыя гэта ўжо восьмая ўборачная кампанія, тысячная планка скаралася яму і раней. Чаму б не замахнуцца на дзве тысячы – балазе, ураджайнасць у гаспадарцы добрая, ёсць усе шанцы.
Аляксандр Прыгодскі, які толькі-толькі выгрузіўся на зернесушыльным комплексе ў Біюцішках, як звычайна, спяшаўся на поле – на адвозцы зерня за дзень, пры добрым надвор’і, ён робіць каля дзесяці рэйсаў. Жніво не церпіць прамаруджвання, упэўнены старанны вадзіцель. У гаспадарцы Аляксандр на добрым рахунку, штогод ён у лідарах. Летась быў другім у раённым спаборніцтве сярод вадзіцеляў аўтамабіляў сваёй катэгорыі. Вытворчыя вынікі Аляксандра Прыгодскага заахвочвае і кіраўніцтва – маладая сям’я, у якой падрастае дачушка, атрымала жыллё. Для дбайнага работніка і клапатлівага мужа і бацькі гэта добрае падспор’е.
Дваццаць чатыры гады вадзіцельскага стажу за плячыма ў Міхаіла Заянчкоўскага. Жыццёвыя сцежкі мужчыны былі звязаны з КСУП “Прыгранічны”, аўтамабільным паркам №13, а сёлета ён прыняў прапанову кіраўніцтва КСУП “Крэйванцы” і ўжо некалькі месяцаў працуе ў гаспадарцы. Свайму тысячнаму выніку мужчына і сам не верыць, за лічбамі не гнаўся, стараўся, адказна працаваў – і вось ён, першы поспех. Наперадзе ў хлебаробаў новыя вынікі і ўзнагароды.