У імя надзеі і ўваскрашэння. Праваслаўныя вернікі святкуюць Вялікдзень
16.04.2024
Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Вялікдзень. Для хрысціян гэта галоўнае свята года. Уваскрэсенне Хрыстова не належыць да ліку 12 двунадзясятых свят, а стаіць як бы над імі, бо яго значэнне для вернікаў надзвычай вялікае.
Яшчэ ўчора ва ўсіх храмах, у тым ліку і ў царкве Уваскрэсення Хрыстова ў Ашмянах, на працягу дня праходзіла асвячэнне кулічоў і фарбаваных яек. Сучасныя ж традыцыі дазваляюць фарбаваць гэты сімвал пачатку новага жыцця на любы густ. Калісьці ж яйкі былі толькі чырвонага колеру.
Вялікдзень у свядомасці большасці нашых сучаснікаў — сямейнае свята, падстава сустрэцца з блізкімі за святочным сталом.
На працягу сарака дзён з Вялікадня вернікі будуць вітаць адзін аднаго словамі: «Хрыстос уваскрос!» — «Сапраўды ўваскрос!».
Здзяйсняць добрыя справы ў Вялікдзень — таксама традыцыя, асвячоная стагоддзямі. Лічыцца, што гэтымі днямі зробленае для тых, хто абдзелены лёсам, дапамагае зняць з душы грахі, бо ў светлае свята ніхто не павінен быць галодным і абдзеленым радасцю. Да таго ж, паводле легенды, ад Вялікадня да Узнясення вандруе па зямлі Хрыстос з апосталамі, выпрабоўваючы міласэрнасць і дабрыню тых, хто жыве на Зямлі.