Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах

09.10.2024
Восеньскі кірмаш прайшоў у Ашмянах
Традыцыйны восеньскі кірмаш у суботу паклікаў ашмянцаў за пакупкамі. З раніцы ліў дождж, аднак самыя смелыя ўжо ў дзевяць гадзін, узброіўшыся парасонамі, рабілі свой выбар. Гараджан і вяскоўцаў чакалі багатыя гандлёвыя палаткі, машыны сельгаспрадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак, а таксама гаспадары, якія прывезлі на продаж лішкі вырашчанай на сваіх участках садавіны і гародніны. Вочы разбягаліся ад яркіх восеньскіх фарбаў.

За пакупкамі запрашалі не толькі гандляры, але і работнікі культуры раёна. Падчас канцэртнай праграмы людзі забываліся пра запасы на зіму, за якімі яны найперш і прыйшлі.

Што набывалі ашмянцы на кірмашы? Многія назапашвалі бульбу. Сёлета яна ўрадзіла на славу, таму і кошт яе быў даволі дэмакратычны – у сярэднім па 30 капеек за кілаграм. Шмат пакупнікоў было ля машын КСУП “Гальшаны” і КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”. Найбольшым попытам карыстаўся гатунак “скарб”. Як прызналася гараджанка Алена, менавіта гэта бульба дасканала праверана і ўхвалена ўсёй сям’ёй. У імгненне вока разыходзілася азімая пшаніца, за кілаграм якой работнікі КСУП “Прыгранічны” прасілі 55 капеек. Быў свой пакупнік і на яблыкі з саду эксперыментальнай базы “Баруны”. “Беларускі салодкі”, “Алеся, “шампіньён”, “хані крысп” так і прасіліся ў торбу, бо каштавалі 1,50 рубля за кілаграм.

Кастрычнік – час квасіць капусту. За адборныя качаны прасілі рубель. А вось Пётр са Столінскага раёна Брэстчыны адважыўся знізіць цану да 70 капеек і – не прагадаў. Яго тавар карыстаўся найбольшым попытам. Якая ж капуста без журавінаў! Літар карыснай балотнай ягады прапаноўвалі па 7 – 8 рублёў. Прывезлі яе ажно з Віцебшчыны, якая славіцца сваімі балотамі, хаця і мясцовыя жыхары таксама прывезлі гэтыя каштоўныя дары прыроды. Шмат было на гэты раз і грыбоў: толькі што сабраных у лесе — па 5 рублёў за кучку і ўжо высушаных, нізка якіх каштавала 10 рублёў.

Цікавіліся пакупнікі салодкім балгарскім перцам, цыбуляй, морквай, баклажанамі і буйным часнаком. Шмат было памідораў. На гэтыя апошнія восеньскія дары чырвонага колеру ў сярэднім цана была па тры з паловай рублі. Жоўтыя і ружовыя таматы свой “гонар” трымалі высока – чатыры рублі за кілаграм.

Зухавата пазіралі на вірлівы натоўп гарбузы. Міма гэтых аранжавых прыгажуноў немагчыма было прайсці. Дый прасілі за іх зусім мала – у сярэднім гарбуз каштаваў пяць рублёў. Куплялі гаспадыні зялёны кроп і радыску, а таксама фасолю. Жыхар Каменнага Логу Фелікс прапаноўваў некалькі гатункаў гэтай скарбніцы бялку – па 12 рублёў за кілаграм. Усяго за паўтара рубля прадавалі дзясятак рабенькіх яек перапёлкі.

Попытам карысталіся саджанцы пладовых дрэў і кустоў, а таксама рознай экзотыкі накшталт актынідыі, ягад годжы і буякоў. Куплялі ашмянцы саджанцы варшаўскага фундука, грэцкага арэха, персіка і абрыкоса, якія прыехалі да нас з расліннага пітомніка ў Дзяржынску. Шмат пакупнікоў было ў Вольгі з Ракаўцаў, што на Смаргоншчыне.

Шмат было на кірмашы хрызантэмы – восеньскай кветкі, якая не перастае нас радаваць яркімі колерамі ў пахмурныя шэрыя дні.

Пастаянна стаяла чарга ля палаткі з рыбай – свежамарожанай і вэнджанай. Не палохаў пакупнікоў і яе немалы кошт — ашмянцы смела адкрывалі свае кашалькі. Хутка разыходзіўся і класічны карп, за кілаграм якога прасілі каля васьмі рублёў.

Фермерская гаспадарка “Белая сава”, што на станцыі Юрацішкі, прывезла на продаж трусоў. Найбольш цікавіліся мясцовыя жыхары пародамі “савецкае срэбра” (палтаўскі) і “сацінавы”. За адну асобіну пухнатых гадаванцаў прасілі ад 25 да 70 рублёў.

Шырока была прадстаўлена прадукцыя Ашмянскага філіялу аблспажыўтаварыства. Бульба, капуста, морква, цыбуля, буракі, закупленыя ў насельніцтва, прадаваліся практычна па такой жа цане, як і ў другіх прадаўцоў. Падсілкавацца і купіць прадукты да абедзенага стала можна было ў палатцы філіяла, якая разгарнулася ў скверы. Пірагі з рознымі начынкамі, булачкі, свежае мяса і мясныя паўфабрыкаты разыходзіліся хутка.

У гарадскім скверы разгарнулі продаж народныя ўмельцы. Біжутэрыя ручной работы, посуд, прадметы хатняга побыту, штучныя кветкі – выбар быў вялікі. Вырабы народных майстроў прапаноўваў і аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Ашмянскага РЦК.

На дапамогу пакупнікам прыйшлі валанцёры – члены грамадскага аб’яднання БРСМ з СШ №1 імя М.М.Гружэўскага.
© Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт, 2024.