Пётр Шакола – пясняр зямлі Ашмянскай
У апошні вераснеўскі дзянёк ва ўтульнай зале Гродзінскай СБ адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная творчасці Пятра Валер’янавіча Шакола “Пётр Шакола – пясняр зямлі Ашмянскай”, арганізаваная мясцовымі аддзелам культуры і сельскай бібліятэкай. Тут была арганізавана багатая выстава твораў майстра слова. На мерапрыемства сабраліся людзі, якія вельмі цікавяцца творчасцю нашага земляка, якія так ці інакш сутыкаліся з яго асобай у сваім жыцці, ды тыя, хто проста любіць бавіць час, слухаючы прыгожыя і чулыя вершы. У час мерапрыемства прагучалі песні “Мой горад Ашмяны”, “Малітва” у выкананні удзельнікаў творчага калектыва АКіВЧ в.Гродзі, напісаныя на словы П.Шаколы. Удзельнікі ўзорнага драматычнага гуртка “Усмешка” прафесіянальна, досыць чула і пранікнёна дэкламавалі вершы Пятра Валер’янавіча на розныя тэмы “Пра здаровы лад жыцця”, “Святая малітва”, “Усхваленне Радзімы”, “Дарога да бацькоў”, “Іду к Багушэвічу”, “Мы рады сустрэчы” і многія іншыя. Сваімі ўспамінамі з прысутнымі аб першай сустрэчы з паэтам (на той час дырэктарам Анкудскай школы) падзялілася Яўгенія Антонаўна Пуцята. Яна распавядала, як пачынаў сваю прафесійную дзейнасць Петр Валер’янавіч, што яго хвалявала у той час, і якія яго задумы здзейсніліся праз дзесяцігоддзі. У паветры залы бібліятэкі лунала незвычайная цеплыня і гарманічнае спалучэнне музыкі і паэзіі. Прысутным захацелася спыніць імгненне сустрэчы з творчасцю песняра зямлі Ашмянскай… Адзінае, што прымусіла засумаваць - гэта адсутнасць на вечарыне самога аўтара з прычыны яго хваробы. Усе пажадалі Пятру Валер’янавічу моцнага здароўя і ў знак пашаны перадалі яму кветкі і смачныя садовыя яблыкі.