Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Ашмянскія школьнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскай дыктоўцы

21.02.2024
Ашмянскія школьнікі прынялі ўдзел у рэспубліканскай дыктоўцы
Дзень роднай мовы – вызначальная падзея, якая заклікае яшчэ раз ацаніць важнасць беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Разам з культурай і гісторыяй яна займае значнае месца ў нашым самавызначэнні. Менавіта беларуская мова вызначае нацыянальную прыналежнасць, вяртае да каранёў.

Ва ўстановах адукацыі Ашмянскага раёна 21 лютага адбыліся рознапланавыя мерапрыемствы: акцыі, святочныя канцэрты, алімпіяды, конкурсы. Калідоры ўпрыгожылі малюнкі і партрэты пісьменнікаў, рэбусы, а на перапынках гучалі беларускія вершы і песні. Незвычайная атмасфера дапамагла адчуць прыгажосць, напеўнасць і мілагучнасць роднай мовы.

У СШ №1 да свята падышлі творча і з душой. З самай раніцы актывісты 9 “А” класа сустракалі настаўнікаў і вучняў, прапаноўвалі ім прыняць удзел у акцыі “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Усе жадаючыя маглі атрымаць каляровыя буклеты з сакавітымі беларукімі словамі. Сямікласнікі правялі вясёлы перапынак, прымеркаваны да Дня роднай мовы. Не засталіся па-за падзеяй і вучні малодшых класаў. У чацвёртым класе прайшла класная гадзіна “Пералівы роднай мовы”, а вучні трэцяга класа прынялі ўдзел у мерапрыемстве “Мова бацькоў”.

Аднак цэнтральнай падзеяй святочнага дня стала рэспубліканская дыктоўка, арганізаваная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. Напісаць дыктоўку паспрабавалі не толькі вучні, але і іх педагогі. Кожны з прысутных хацеў ацаніць уласны ўзровень граматнасці. У аўдыторыі адчувалася лёгкае хваляванне, якое з цягам часу знікла. Дыктоўка “Беларусь – краіна-мара” не толькі дапамагла выявіць узровень ведаў, але яшчэ нагадала пра прыгажосць роднай Беларусі.

Адзінаццацікласніца Юлія Гружэўская адчувальна хвалюецца перад пачаткам выпрабавання. Рэспубліканскую дыктоўку яна піша ўпершыню.

— Прызнаюся, што прысутнічае лёгкае хваляванне, хоць я і ведаю, што не атрымаю адзнакі за дыктант. Родную мову вельмі люблю. У дзяцінстве любіла чытаць беларускія народныя казкі, а пазней стала захапляцца творамі беларускіх пісьменнікаў – Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа. У штодзённым жыцці карыстаюся рускай мовай. Аднак беларуская мова таксама для мяне вельмі важная. Імкнуся яе штодня пазнаваць. Спадзяюся, што на дыктоўцы змагу паказаць добры вынік.

Пажадала прыняць удзел у дыктоўцы і настаўніца пачатковых класаў Іна Асмольская. Для яе гэта своеасаблівы экзамен.

— Сёння мне давялося самой сесці за парту і напісаць дыктант. Звычайна ўсё наадварот: дыктую я – вучні пішуць. Дыктовак не пісала дастаткова даўно. Ёсць адчуванне, што вярнуліся школьныя гады, бо хвалююся амаль таксама. Беларускую мову ведаю нядрэнна. Стараюся шмат чытаць твораў на беларускай мове, каб пашыраць слоўнікавы запас. Часта звяртаюся да слоўнікаў, правілаў. Лічу, калі ўзнікае пэўнае пытанне, лепш праверыць сябе. Дапамагаюць і калегі-філолагі. На мой погляд, ідэя правесці рэспубліканскую дыктоўку вельмі добрая, бо выпрабаванне дапаможа не толькі праверыць веды, але яшчэ і нагадаць пра важнасць роднай мовы ў нашым жыцці.

© Ошмянский районный исполнительный комитет, 2024.