Гаспадаркі Ашмянскага раёна папоўніліся маладымі кадрамі
01.08.2025
Канец лета – час, калі выпускнікі каледжаў і ўніверсітэтаў прыбываюць на свае першыя працоўныя месцы. Хтосьці трапляе ў новы рэгіён, нехта – у свой. Аднак для кожнага гэта падзея з’яўляецца асабліва важнай і трапяткой, бо менавіта першыя дні даюць уяўленне аб працоўнай дзейнасці, дапамагаюць зразумець сутнасць абранай прафесіі. Асаблівым чынам гэта падзея адбіваецца на маладых работніках сельскай гаспадаркі, бо яны прыходзяць на працу ў самы разгар жніва. У гэтым годзе ў сельскагаспадарчыя арганізацыі нашага раёна прыйшло сорак сем маладых спецыялістаў. Сярод іх – аграномы, інжынеры, бухгалтары, тэхнікі-механікі, ветэрынарныя фельдшары, праграмісты, трактарысты, вадзіцелі, электрагазазваршчыкі, павары. Амаль палову ад усёй колькасці складаюць трактарысты. Іх прыйшло ажно дваццаць два. Пяць спецыялістаў атрымалі вышэйшыю адукацыю, сямнаццаць – сярэднюю спецыяльную, дваццаць пяць – прафесійна-тэхнічную. Мы сустрэліся з маладымі спецыялістамі, каб даведацца аб іх уражаннях ад першага працоўнага месца.
Аграномы, сябры, аднакласнікі
Антон Акулевіч, Максім Каханоўскі і Яўгеній Захаржэўскі ў 2021 годзе скончылі Гальшанскую сярэднюю школу. Аднакласнікі доўга думалі над тым, якую прафесію абраць. Захопленыя і апантаныя, яны цікавіліся многімі рэчамі. Аднак цяга да зямлі аказалася мацнейшай. Антон доўгі час быў актывістам у бізнес-кампаніі “Квецень”, якая дзейнічае пры школе ў Гальшанах. Нечакана для самога сябе ён заўважыў, што расліны яго вельмі прывабілі. Тады пачалося знаёмства з дадатковай літаратурай па тэме. Крыху пазней хлопец асэнсаваў: сваё жыццё ён хоча звязаць менавіта з аграрнай сферай. Максім і Яўгеній, назіраючы за працай родных і знаёмых, таксама вырашылі падаваць дакументы у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Кожны з іх ужо тады думаў пра будучыню. Абітурыентам вельмі хацелася вярнуцца працаваць на малую радзіму – у Гальшаны. Тады хлопцы вырашылі, што мэтавае накіраванне дапаможа ажыццявіць гэту мару.
Студэнцкае жыццё было вясёлым і цікавым. Юнакі атрымлівалі тэарэтычную інфармацыю, якую пасля шліфавалі на практыцы. Хлопцы не толькі вучыліся разам, але і жылі ў адным пакоі. Гэта паспрыяла ўзнікненню сапраўднага мужчынскага сяброўства.
— Вучыцца нам падабалася, хаця ў самым пачатку была трывога пра будучыню. Мы непакоіліся аб тым, як засвоіць праграму, добра здаць экзамены. Але гэтыя перажыванні былі марнымі. Я выконваў абавязкі намесніка старасты ў групе, прымаў удзел у розных мерапремствах, якія ладзіліся ва ўніверсітэце. Жыць актыўна навучыўся яшчэ ў школе, — расказвае Антон Акулевіч.
Летам 2025 года ва ўрачыстай абстаноўцы хлопцы атрымалі дыпломы. Гэтая падзея стала сапраўднай радасцю не толькі для выпускнікоў, але і для іх бацькоў.
— Страху перад будучыняй зусім не было. Мы ведалі, што ўсе патрапім у адзін калектыў КСУП “Гальшаны”. Тут нас добра ведаюць, таму прымуць як родных. Так і атрымалася на практыцы. Працуем яшчэ кароткі перыяд, але ўжо паспелі адчуць падтрымку ад калег, якія падказваюць, вучаць, даюць адказы на кожнае наша пытанне, — дзеліцца ўражаннямі Максім Каханоўскі.
Тэрмін адпрацоўкі для маладых спецыялістаў складае пяць гадоў. Аднак гэта лічба не палохае выпускнікоў. Менавіта тут, на роднай зямлі, яны плануюць будаваць сваю будучыню. У Антона Акулевіча ў хуткім часе з’явіцца ўласная сям’я. Разам з будучай жонкай ён плануе асесці ў Гальшанах. Максім і Яўгеній таксама плануюць рупліва працаваць на карысць роднай зямлі, бо толькі так можна адчуць уласную прафесійную вартасць і каштоўнасць.
Калі справа з першых дзён цікава
Дзмітрый Жук з дзяцінства марыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. У гэтай галіне працавалі яго дзядзькі па матчынай лініі. Хлопчык назіраў за тым, як яны ўвішна спраўляюцца з тэхнікай. На той момант гэта падавалася нечым незвычайным і вельмі прывабным. Скончыўшы школу ў Юрацішках, выпускнік вырашыў падаваць дакументы ў БДАТУ, каб атрымаць прафесію інжынера. Юнак ведаў, што пасля заканчэння любой навучальнай установы чакае размеркаванне. Дзмітрыю вельмі хацелася пачаць сваё прафесійнае жыццё непадалёк ад родных Юрацішак. Тады ён вырашыў узяць мэтавае накіраванне ў суседнім Ашмянскім раёне. І аб гэтым не пашкадаваў.
— Мае бацькі казалі, што лягчэй пачынаць жыццё непадалёк ад роднага дому. Тут заўсёды падтрымаюць. Ды і быт наладзіць значна лягчэй. Я пагадзіўся з гэтым меркаваннем. Размеркавалі мяне ў СУП “АграМолРай”. Тут, у Граўжышках, пачалася новая жыццёвая старонка. За перыяд працы навучыўся прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Прыемна, што калегі мне ва ўсім дапамагаюць, — расказвае малады спецыяліст.
Гаспадарка клапоціцца не толькі аб прафесійным станаўленні маладога спецыяліста, але і аб матэрыяльным і бытавым. Працаўладкаваўшыся, малады спецыяліст атрымаў службовае жыллё, а таксама матэрыяльную дапамогу.
— Першае працоўнае месца мяне зусім не расчаравала. Некалькі разоў на тыдзень пасля заканчэння працы еду да бацькоў у Юрацішкі, каб аказаць ім дапамогу. Адлегласць ад Граўжышак да Юрацішак невялікая – каля 45 кіламетраў. Маю ўласны транспарт, таму ў любы вечар магу дазволіць сабе наведаць родных. А што яшчэ патрэбна? — разважае Дзмітрый.
На працягу пяці бліжэйшых гадоў малады чалавек спадзяецца атрымаць каштоўны працоўны вопыт, які дапаможа яго прафесійнаму станаўленню і росту.
Ад навучэнцаў – да трактарыстаў
Кажуць, што ў блізнят існуе асаблівая сувязь. Гэта адбіваецца на многіх рэчах: падобных характарах, амаль аднолькавым гусце, блізкіх адносінах да жыцця. Таму блізняты часта выбіраюць адну прафесію або аднолькавыя хобі. Браты Лявонавы не сталі выключэннем з правіла.
Алег і Аляксей тры гады таму скончылі СШ №3 нашага горада. Тады паўстала лагічнае пытанне: з якой прафесіяй звязаць далейшае жыццё? І Аляксей, і Алег з дзяцінства цікавіліся тэхнікай. У дашкольным узросце яны калекцыяніравалі трактары, аўтобусы, самазвалы. У хлопцаў з’явіўся мініяцюрны аўтапарк. Браты раслі, а разам з імі расло жаданне звязаць сваё жыццё з тэхнікай. У выпускным класе адзін з братоў прапанаваў паступаць у Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, каб пасля атрымаць прафесію трактарыста. Прапанова была падтрымана. Так браты Лявонавы сталі навучэнцамі каледжа.
— Вучыцца нам падабалася. Асабліва прываблівалі практычныя заняткі, калі мы спрабавалі ўпершыню сесці за руль трактара. Гэта падзея была вельмі хвалюючай. Падавалася, што так прафесійна ўпраўляцца з трактарам, як нашы настаўнікі, мы ніколі не зможам. Аднак вельмі памыляліся. Пастаянная практыка дала свой добры плён, — расказваюць браты.
Аляксей і Алег былі размеркаваны ў СУП “АграГродзі”. Першым працоўным месцам хлопцы задаволены: калектыў цёпла прыняў маладых спецыялістаў, радуе і тое, што да працы – рукой падаць.
— Калектыў сустрэў нас вельмі добра, але многія яшчэ не навучыліся нас адрозніваць. Аднак мы не крыўдзімся, калі нас блытаюць. Да гэтай з’явы даўно прывыклі, таму ставімся з гумарам. Тэрмін адпрацоўкі для нас складае адзін год. Спадзяемся, што застанемся працаваць тут і пасля, — дзеляцца планамі браты.
Кіраўніцтва гаспадаркі адзначае, што маладыя спецыялісты да сваіх абавязкаў падыходзяць адказна і сумленна, стараюцца якасна выконваць кожную даручаную справу. А хлопцы сціпла жартуюць, што ім патрэбна працаваць з двайным запалам.