Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Маладыя спецыялісты Ашмянскага раёна пабывалі ў Гальшанскім замку

30.10.2024
   У гэтым годзе ў Ашмянскі раён прыехала працаваць 110 маладых спецыялістаў: 46 – з вышэйшай адукацыяй, 54 — з сярэдняй спецыяльнай і 10 – з прафесійна-тэхнічнай. Такую інфармацыю паведаміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярына Талочка падчас экскурсіі, арганізаванай для моладзі ў Гальшанскі замак.
   Мерапрыемства, ініцыяванае аддзелам, падтрымалі кіраўніцтва Гальшанскага сельвыканкама, грамадскія аб’яднанні: раённыя арганізацыі Беларускага саюза жанчын, РГА “Белая Русь”, Беларускага Чырвонага Крыжа, раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкамы прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
   Большасць маладых спецыялістаў пабачыла Гальшанскі замак упершыню, таму з цікавасцю слухала аповед экскурсавода філіяла краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Таццяны Завацкай аб знакавым месцы на турыстычнай карце Ашмянскага краю. Затым моладзь разам з работнікамі ТАА “Граніт +” прыняла ўдзел у пасадцы алеі чорных пірамідальных хвой. Трыццаць тры дэкаратыўныя саджанцы занялі сваё пачэснае месца ўздоўж агароджы замкавай тэрыторыі і ў будучым стануць зялёнай сцяной, за якой схаваюцца гаспадарчыя пабудовы КСУП “Гальшаны”. Вечназялёныя дрэўцы для пасадкі былі абраны невыпадкова: у вышыню яны дасягаюць больш за восем метраў і жывуць каля двухсот гадоў.
   У насычанай праграме, зладжанай для маладых спецыялістаў, знайшлося месца і для карыснай справы, і для адпачынку. Удзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Жытніца” Кракоўскага аддзела культуры і вольнага часу Святлана Ганусевіч, Таццяна Чэрская і Аляксандр Пашкоўскі ў межах абласной акцыі “Этнабум” зладзілі майстар-класс па вывучэнні беларускіх народных танцаў. Не ўсім лёгка далася складаная харэаграфічная “навука”, аднак забяспечыла пазітыўны настрой.
   Напрыканцы сустрэчы ўсе разам пілі каву і гарбату, настоеную на мясцовых зёлках, і абменьваліся думкамі, расказвалі аб рабочых буднях, дзяліліся ўражаннямі аб праведзеным разам часе.
   -У Ашмянах мне падабаецца. Адчуваю сябе тут, як дома, — падкрэсліў Павел Лайбіс, які са жніўня гэтага года працуе начальнікам каравула пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Ашмянскага РАНС. – Прыехаў я з пасёлка Жалудок Шчучынскага раёна пасля заканчэння Універсітэта грамадзянскай абароны. За маімі плячамі таксама Гомельскі ліцэй Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Пацвярджаць атрыманую ў вучэбных установах тэорыю на практыцы дапамагаюць калегі. Калектыў, у які я трапіў, дружны і зладжаны, таму заўсёды адчуваю падтрымку – як у прафесійных пытаннях, так і ў арганізацыі быту.
   Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Александровіч і начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Аксана Багдановіч пажадалі моладзі стаць на Ашмянскай зямлі сапраўднымі прафесіяналамі і ўрычылі на памяць аб сустрэчы падарункі.

Ашмянскі Веснік
© Ошмянский районный исполнительный комитет, 2024.