Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Новая выстаўка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі “Паэзія кропак…”

01.07.2024
Новая выстаўка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі “Паэзія кропак…”
   Мастацтва існуе ў цесным сімбіёзе з ідэяй адсутнасці абмяжаванняў, у тым ліку і магчымасцей успрымання. Мастацтва ствараецца тымі і для тых хто заўсёды марыць пра большае. Мастацтва – для ўсіх і кожнага, даступнае і шматграннае.

   Новая выстаўка ў Ашмянскім краязнаўчым музеі “Паэзія кропак…” – вынік дзейнасці мастака Васіля Зянько, які ўжо колькі год працуе над стварэннем распрацоўкі і рэалізацыі даступнага мастацтва для людзей, якія слаба бачаць, і невідушчых. Канцэпцыя дадзенага праекта палягае з ідэі ўзаемадзеяння паміж літаратурай і жывапісам, паміж рознымі культурамі, паміж людзьмі розных нацыянальных ідэнтычнасцяў і фізічных асаблівасцей.

   Арыгінальныя тактыльныя карціны, што прадстаўленыя на выстаўцы, выкананыя ў унікальнай інавацыйнай тэхніцы, даступныя для ўспрыяцця людзям з асаблівымі патрэбамі. Маляўнічыя рэльефныя паверхні ўключаюць літаратурныя тэксты, што ёсць знакавымі творамі для культурнай спадчыны краіны. Вершы Максіма Багдановіча і Алеся Разанава ўведзеныя ў прастору карцін наўпрост шрыфтом Брайля.

   Чалавек, які слаба бачыць, можа напачатку прачытаць верш, а потым “агледзець” ягонае мастацкае ўвасабленне. Для відушчых людзей творы Васіля Зянько ўяўляюць сабою гарманічныя па колеру карціны з рэльефнай паверхняй плаўных ліній.

   За дапамогу ў рэалізацыі выстаўкі ў Ашмянах дзякуем аўтару Васілю Зянько і Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча.

   Запрашаем усіх пазнаёміцца з тактыльнымі карцінамі і, у прамым сэнсе, дакрануцца да мастацтва, паслухаць паэзію кропак. Музей працуе з 10.00 да 19.00, выхадны дзень панядзелак.

© Ошмянский районный исполнительный комитет, 2024.