У Ашмянах адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Ліхадзедава “Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе”
18.09.2024
Прыгожая дата – 680-годдзе Ашмян – сабрала ў актавай зале райвыканкама апантаных краязнаўцаў і даследчыкаў. На сустрэчу з аўтарам кнігі прыйшлі работнікі бібліятэк і музея, настаўнікі, людзі, сапраўды ўлюбёныя ў свой горад, у сваю малую радзіму. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын, яго намеснікі Наталля Станкевіч і Юрый Снесар.
Уладзімір Ліхадзедаў – калекцыянер, гісторык, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэат прэміі Саюза журналістаў Беларусі “Залатое пяро”, выдатнік друку Беларусі, які дапамог нам атрымаць яшчэ адну крыніцу гістарычных звестак пра Ашмяны і ваколіцы.
— Якім быў наш горад, мы ніколі не даведаліся б, калі б не летапісы, кнігі і мастацтва фатаграфіі, — адзначыла ва ўступным слове да прэзентацыі дырэктар краязнаўчага музея імя Францішка Багушэвіча Алена Жасткова. — На старых здымках мы можам пабачыць горад такім, якім мы яго ніколі не бачылі. Пажоўклыя сведкі гісторыі выразна перадаюць атмасферу павятовага горада: выявы яго жыхароў, жытла і побыту і дазваляюць нам дакрануцца да свайго мінулага.
Чарговае выданне Уладзіміра Ліхадзедава (35-е па ліку) “Ашмяны і ваколіцы. Падарожжа ў часе” – кніга, якая дазваляе нам пад новым ракурсам раскрыць гісторыю Ашмяншчыны, паказвае тагачаснае жыццё горада вачамі нашых продкаў і з’яўляецца арыгінальным культурна-гістарычным зрэзам развіцця рэгіёна. Усе каментарыі і тэксты прадстаўлены на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай, што дае магчымасць значна пашырыць межы яе чытацкай аўдыторыі.
Напачатку калекцыянер павіншаваў ашмянцаў з Днём народнага адзінства і ўручыў старшыні райвыканкама першую кнігу ў нашай краіне, прысвечаную гэтаму святу – “17 верасня. Дзень народнага адзінства”. Кіраўнік раёна ў сваю чаргу ад усіх жыхароў Ашмян падзякаваў Уладзіміра Ліхадзедава за каштоўны падарунак да юбілею горада.
— Вялікі дзякуй за тое, што вы наведалі наш горад і знайшлі час для прэзентацыі кнігі менавіта ў гэтую светлую для нас дату, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын. — Мы ўдзячны вам за тое, што вы паднялі і прапусцілі праз сябе значны пласт гісторыі нашага краю. Гэты праект для нас унікальны. Сёння гэта самая значная праца, якая адлюстроўвае гісторыю ашмянскай зямлі.
Праекту “У пошуках страчанага” ў гэтым годзе спаўняецца 17 год. Ён пачынаўся на старонках газеты. “СБ. Беларусь сегодня”. У гэтым выданні ў свой час былі змешчаны і публікацыі пра Ашмянскі раён.
— Працаваць над кнігай было цікава. Гэта работа дазволіла зрабіць шмат адкрыццяў, — адзначыў калекцыянер. — Некалькі разоў прыходзілася прыязджаць у ваш горад, вывучаць мясцовасць, карыстацца дапамогай супрацоўнікаў краязнаўчага музея. Ашмяны – гэта невялікае мястэчка, аднак кніга атрымалася змястоўнай. Няшмат знойдзецца раёнаў, па якіх можна зрабіць такую вялікую і прыгожую асобную кнігу. Большую частку яе складаюць здымкі часоў Першай сусветнай вайны. Адзіны плюс гэтай крывавай вайны ў тым, што нямецкая армія пакінула пасля сябе столькі здымкаў.
Працуючы над кнігай, Уладзімір Ліхадзедаў падкрэсліў, што на Ашмяншчыне было шмат сядзіб. Здымкі далі магчымасць многія з іх адкрыць упершыню і зрабіць выснову, што тут жылі адукаваныя людзі, якія садзейнічалі развіццю культуры свайго рэгіёна.
Мерапрыемства прайшло ў форме дыялогу. Уладзімір Ліхадзедаў адказаў на шматлікія пытанні, што “сыпаліся” з залы. З чаго пачалося захапленне і колькі год было тады полацкаму хлопчыку Уладзіміру? Якая паштоўка ці здымак былі першымі ў калекцыі? Які здымак найбольш дарагі калекцыянеру? У якіх раёнах Гродзеншчыны ёсць падобныя кнігі? Дзе размяшчаецца багаты фотазбор аўтара?
Пасля таго, як пытанні скончыліся, усе жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф ад аўтара кнігі на памяць.
АВ