Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

У Ашмянскім раёне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года вучнямі дзявятых і адзінаццатых класаў

27.05.2024
У Ашмянскім раёне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года вучнямі дзявятых і адзінаццатых класаў
У суботу ў школах, гімназіях і ліцэях Беларусі прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года вучнямі дзявятых і адзінаццатых класаў. Апошні школьны званок празвінеў і для 166 выпускнікоў 11 класаў устаноў адукацыі Ашмянскага раёна.

Ён празвінеў для тых, хто адзінаццаць год назад прыйшоў у школу, стаяў разгублена ў школьным двары, моцна трымаючы маміну руку. Наўкол былі чужыя людзі: такія ж вучні, іх бацькі і настаўнікі, якія за гэтыя гады сталі блізкімі. Яны адкрылі свет навукі і навучылі не баяцца цяжкасцей, дапамагалі вырашаць дзіцячыя праблемы, ставіць мэты і іх дасягаць. Яны вялі за сабой, дадавалі ўпэўненасці і ганарыліся дасягненнямі сваіх вучняў. З імі можна было падзяліцца любымі сакрэтамі і быць упэўненым, што яны не выйдуць за межы настаўніцкай шчырай душы.

Яшчэ здаецца ўчора гэта было – вучні старэйшых класаў пазіралі на малечаў, як на свае здымкі адзінаццацігадовай даўнасці, пазнавалі ў іх позірках тое, што самі калісьці адчувалі, але ўжо паспелі забыцца. А сёння ўжо яны ўсміхаюцца ў адказ на наказы вучняў пачатковых класаў і не вераць сваім вачам. Як імгненна праляцелі школьныя гады!

Сёння тыя, хто адзінаццаць год таму стаяў няроўнай шарэнгай і перамінаўся з нагі на нагу, сталі выпускнікамі. Сёння ім здаецца, што яны ўсё ведаюць, усё ўмеюць. На дарослых ужо можна не звяртаць увагі, слухаць, прапускаючы заўвагі міма вушэй. Яны трымаюцца ўпэўнена і вольна. Яны ведаюць пра сваіх настаўнікаў намнога больш, чым мяркуюць педагогі. Яны перараслі школу. У іх з’явіліся ўжо недзіцячыя каштоўнасці і паняцці, іх складана чымсьці здзівіць і ўразіць. Але на тварах юнакоў і дзяўчат усё той жа разгублены выраз, які быў адзінаццаць год назад.

Здаецца, усё вядома наперад: планы намечаны, мэты вызначаны, усё павінна атрымацца… Але хваляванне перад будучым не знікае. Яго нельга схаваць. І слёзы раз-пораз бягуць па шчоках і не дазваляюць засяродзіцца на тым, што адбываецца на свяце “Апошняга званка”.

З гэтымі ж думкамі стаялі на апошняй школьнай лінейцы і выпускнікі СШ №3. Яны былі ўражаны тым, колькі гасцей наведалася на свята. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама Юрый Снесар, намеснік начальніка Ашмянскага РАНС Дзмітрый Болзан, а “па сумяшчальнасці” і бацька адзіннацацікласніцы гэтай школы. Вучні слухалі наказы дырэктара Уладзіміра Войнюша, бацькоў, метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення адукацыі Людмілы Гайдукевіч, вучняў пачатковых класаў… І хаця віншаванні тычыліся і дзевяцікласнікаў, настаўнікаў і бацькоў, адчувалася, што на лінейцы галоўныя –адзінаццацікласнікі. Уся ўвага скіравана на іх, прыгожых, амаль ужо дарослых, але такіх безабаронных і разгубленых.

Яны яшчэ адна сям’я – дружная і творчая сям’я трэцяй школы. Яны атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды – за поспехі ў вучобе, перамогі ў алімпіядным руху, дасягненні ў творчасці і спорце. Дырэктар звяртае ўвагу на тое, што значныя поспехі, якіх дасягае школа на працягу многіх год як на ўзроўні раёна, вобласці, так і рэспублікі – заслуга і іх, адзінаццацікласнікаў.

Школа не забудзецца пра сваіх вучняў. Яе дзверы на гэтым для іх не зачыняцца. Яны назаўсёды застануцца ў гісторыі роднай установы адукацыі, нават адляцеўшы, як тыя белыя паветраныя галубы, у дарослае жыццё. Яны будуць вяртацца сюды ў думках і снах, падчас традыцыйных школьных сустрэч і ў статусе педагогаў. Будуць памятаць і трымацца самага галоўнага наказу, атрыманага на лінейцы – усё сваё жыццё вучыцца быць Чалавекам!

Божае блаславенне ад айца Георгія Мухі атрымана. Падораны настаўнікам і гасцям букеты. У вушах усё яшчэ звініць школьны званок і апошні школьны вальс…

Лета зменіць іх жыццё. Сённяшнія выпускнікі стануць студэнтамі. Але школьныя гады і аднакласнікі не забудуцца ніколі.

АВ
© Ошмянский районный исполнительный комитет, 2024.