Главная / Новости / Новости района
15.02.2024

Адзіны дзень інфармавання прайшоў у Ашмянскім раёне

Электаральная кампанія, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзеншчыны за мінулы год, а таксама бяспека жыццядзейнасці – асноўныя пытанні, якія абмеркавалі падчас адзінага дня інфармавання ў працоўных калектывах Ашмянскага аддзела Дэпартамента аховы, аграрна-эканамічнага каледжа, ЦБП 418 філіяла ААТ “АСБ Беларусбанк”, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы імя А.С. Барбашынскага, дзіцячых садоў №3 і №6, насельніцтвам Кальчунскага сельсавета.

Удзельнікі абласной інфармацыйнай групы разам са старшынёй Ашмянскага райвыканкама Уладзіславам Гершгорыным наведалі працоўны калектыў ААТ “Будаўнік”. Павестку дня з работнікамі прадпрыемства абмяркоўвалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка і намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла РУП электрасувязі “Белтэлекам” Сяргей Гузень.

Падчас сустрэчы адзначалася, што сёлетняя выбарчая кампанія – буйнейшая за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі: патрэбна выбраць 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 12514 дэпутатаў мясцовых Саветаў.

У адзіны дзень галасавання з 8.00 да 20.00 нашы грамадзяне вызначацца з прадстаўнікамі, якія будуць выступаць ад іх імя. Тыя выбаршчыкі, у якіх не атрымаецца  прыйсці на ўчастак у нядзелю, змогуць рэалізаваць сваё выбарчае права ў перыяд датэрміновага галасавання – з 20 па 24 лютага з 12.00 да 19.00.

У выпадку неабходнасці 25 лютага прагаласаваць можна на даму. Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўчастковую камісію, у тым ліку і ў дзень выбараў (да 18.00), з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы свайго знаходжання.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка звярнуў увагу, што быць дэпутатам – не прывілея, а адказная работа. Таму перад выбаршчыкамі стаіць сур’ёзная задача – аддаць свой голас за кандыдатаў, якім яны давяраюць. Наперадзе таксама выбары членаў Савета Рэспублікі, якія адбудуцца 4 красавіка. Пройдуць яны падчас пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

— 25 лютага на выбарчых участках мы павінны вызначыць сваю будучыню і будучыню сваіх дзяцей, — адзначыў Анатоль Дарожка і засяродзіў увагу прысутных не толькі на электаральным суверэнітэце, але і на выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці.

Аб тым, якіх паказчыкаў дасягнуў у мінулым годзе Ашмянскі раён, расказалі старшыня райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын і начальнік аддзела эканомікі Сяргей Мілевіч.

Кіраўнік раёна напомніў пра колькасць дэпутатаў, якіх выберуць ашмянцы ў мясцовыя Саветы і Палату прадстаўнікоў, а таксама пра тое, што на Ашмяншчыне арганізавана 20 участкаў для галасавання. З 9 лютага, звярнуўшыся ва ўчастковую камісію, можна азнаёміцца са спіскамі выбаршчыкаў і праверыць правільнасць звестак у іх.

Асобнай тэмай для абмеркавання стала прафілактыка пажараў, правілы паводзін на тонкім лёдзе, пры спальванні смецця. Як адзначыў начальнік Ашмянскага РАНС Андрэй Горбач, у шэрагу выпадкаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, аднак жыццё і здароўе людзей вярнуць яна не зможа – бяспечнасць недаравальная.