Главная / Новости / Новости района
29.05.2021

Апошні школьны званок прагучаў для выпускнікоў Ашмянскага раёна

   Апошні званок, які празвінеў сёння ў школах краіны, адправіў у дарослае жыццё 157 выпускнікоў Ашмянскага раёна. Урачыстыя лінейкі сабралі вучняў, настаўнікаў, бацькоў, ганаровых гасцей, якія прыйшлі павіншаваць дзяцей.
   Свята апошняга званка — заўсёды хвалюючае: яно нагадвае аб пачатку новага этапа жыцця. Юнакі і дзяўчаты, якім прыйшоў час развітацца з дзяцінствам, радуюцца і адначасова сумуюць: школьныя ўрокі, настаўнікі, поспехі і няўдачы — ўсё гэта застанецца ў мінулым. Наперадзе — новыя экзамены і выпрабаванні, галоўнае з якіх — на чалавечую годнасць.
   У сярэдняй школе №2 урачыстая лінейка з нагоды заканчэння навучальнага года распачалася Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь. Шчырыя віншаванні са святам апошняга званка адрасавалі прысутным намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Андрэй Клышэўскі, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Жанна Загорская, якія пажадалі выпускнікам прыкласці ўсе намаганні, каб дасягнуць пастаўленых мэтаў. Адпачыць з карысцю, аздаровіцца і з добрым настроем сустрэць 1 верасня — такі наказ адрасавалі госці школьнікам, у якіх наперадзе летнія канікулы.
   Дырэктар школы Наталля Галашэўская выказала словы глыбокай удзячнасці выпускнікам, якія былі не толькі стараннымі вучнямі, але і актыўнымі ўдзельнікамі алімпіядаў, спаборніцтваў, конкурсаў, школьных спраў.
   — Вам будаваць нашу краіну, нашу светлую, моцную, квітнеючую Рэспубліку Беларусь! Мы ў вас абслаютна ўпэўнены, бо мы — настаўнікі і бацькі — зрабілі для гэтага ўсё. Цяпер слова за вамі! — адзначыла Наталля Міхайлаўна.
   Да сардэчных віншаванняў у адрас выпускнікоў далучыліся першыя настаўнікі і класныя кіраўнікі, важны наказ адрасавалі сваім амаль ужо дарослым дзецям бацькі. Сэрцы перапаўнялі пачуцці, а на вачах блішчалі слёзы. Такі ён, хвалюючы дзень!
   Традыцыйны школьны вальс закружыў юнакоў і дзяўчат у танцы… Перш, чым адправіцца за парты, на свой апошні ўрок, выпускнікі школы разам з першакласнікамі далі апошні званок. А потым, як сімвал здзяйснення сваіх самых запаветных мар і спадзяванняў адзінаццацікласнікі выпусцілі ў блакітнае неба рознакаляровыя паветраныя шары… Няхай яны абавязкова спраўдзяцца, вашы мары, дарагія выпускнікі!

Ашмянскі Веснік