Главная / Новости / Новости района
29.12.2021

Ашмяншчына далучылася да абласной акцыі “З Новым годам, ветэран!”

   Ашмяншчына далучылася да абласной акцыі “З Новым годам, ветэран!”. Перадсвяточная дэкада – цудоўная магчымасць павіншаваць з надыходзячым святам і сказаць “дзякуй” ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, воінам-інтэрнацыяналістам – удзельнікам падзей у Афганістане, ветэранам працы, адзінокім грамадзянам пажылога ўзросту.

   У апошнія дні 2021 года на Ашмяншчыне віншаванні і падарункі прымалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і вязні канцэнтрацыйных лагераў. Па святочным маршруце адправіліся старшыня райсавета ветэранаў Уладзімір Бельчанка і адказны сакратар арганізацыі Галіна Яшына, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў – райкама “БРСМ”, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і раённага аб’яднання прафсаюзаў, а таксама старшыні мясцовых сельскіх Саветаў. Сапраўднае навагодняе свята ветэранам таксама падарылі прадстаўнікі ТЦСАН Ашмянскага раёна Станіслава Сырамалот і Дзіяна Бардун, якія пераапрануліся ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі.

   Усяго ў Ашмянскім раёне жыве два ўдзельнікі вайны Казімір Іванавіч Заблоцкі і Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі, вязні канцэнтрацыйных лагераў – Марыя Ягораўна Селядцова, Васіль Кірылавіч Жаўняк і Уладзімір Міхайлавіч Лашкоўскі. Менавіта да кожнага з іх у горад, вёскі Кастэчызна і Будзёнаўка, аграгарадкі Гальшаны і Граўжышкі – завіталі шматлікія госці. Кожны з іх з цеплынёй і ўдзячнасцю сустракаў не проста прадстаўнікоў аб’яднанняў, а сваіх даўніх сяброў.

   Усяго ў святочным маршруце Дзеда Мароза і Снягуркі апынулася восемь кропак. У Будзёнаўцы навагодні дэсант вітаў Васіль Жаўняк. Васіль Кірылавіч шчыра прымаў гасцей, дзяліўся сваімі ўспамінамі і расказваў аб сваім жыцці сёння. Надыходзячы год прынясе мужчне некалькі значных падзей — слаўны 80-гадовы юбілей і 55-годдзе сумеснага жыцця з жонкай Ганнай Ільінічнай. Развітваючыся з гасцямі, нібы добры чараўнік, Васіль Кірылавіч пачаставаў усіх прысутных цукеркамі і пажадаў  шчаслівага Новага года і свята Божага Нараджэння.

   Уладзімір Бельчанка падзякаваў кожнаму за подзвіг, мужнасць і гераізм, распытаў пажылых людзей аб іх надзённых справах і клопатах. Ветэраны і вязні дзякавалі за віншаванні, успаміналі падзеі ваенных гадоў і сціпла дзяліліся з маладым пакаленнем сваім вопытам і мудрасцю. У гэтыя светлыя зімовыя дні яны яшчэ не раз пачуюць цёплыя словы пажаданняў не толькі ад гасцей, але і ад сваіх блізкіх і родных, якія збяруцца разам у бацькоўскіх дамах за вялікім сямейным сталом.

Ашмянскі Веснік