Главная / Новости / Новости района
18.05.2021

Ашмяны рыхтуюцца да юбілею горада

   Сёлетні год для райцэнтра юбілейны. Да 680-годдзя, якое Ашмяны адзначаць у верасні, горад упрыгожваецца, набывае сучасны выгляд. Камунальшчыкі паклапаціліся пра добраўпарадкаванне ў гарадскім парку.
   Дзякуючы фінансаванню з мясцовага бюджэту, якім выдаткавана больш за 15 тысяч рублёў, яшчэ напярэдадні 9 Мая тут з’явіліся новыя лаўкі, сметніцы былі заменены апоры асвятлення і ліхтары.
   Радуе позірк і абноўленая кветкавая кампазіцыя, якая міжволі нагадвае словы Максіма Багдановіча: «І тчэ, забыўшыся, рука, заміж персідскага узора, цвяток радзімы васілька». Здаецца, дробязь — высеклі кусты абапал дарожкі, а стала больш прасторна. Напрыканцы мінулага года было знесена некалькі старых будынкаў. Так, лапік за лапікам, месца адпачынку ашмянцаў  набывае новы выгляд.
   Літаральна на днях адмысловыя тумбы з кветкамі ўсталявалі на гарадской плошчы. Плануецца, што да намаганняў камунальшчыкаў, якія рыхтуюць яшчэ некалькі сюрпрызаў, далучацца арганізацыі і ўстановы раёна, а вырабленыя імі малыя архітэктурныя формы лагічна дапоўняць гарадскія пейзажы.