Да рэспубліканскай мінуты маўчання, аб’яўленай у памяць аб 81-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, далучыліся сельскія населеныя пункты Ашмянскага раёна.
Мітынгі-рэквіемы ля помнікаў загінулым землякам у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа прайшлі ў вёсках і аграгарадках Ашмяншчыны. Аддаць даніну павагі тым, хто адстаяў мір на нашай зямлі, прыйшлі прадстаўнікі органаў мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, работнікі культуры, настаўнікі і вучні ўстаноў адукацыі, якія зараз адпачываюць у прышкольных летніках, мясцовыя жыхары.
Асаблівы гэты дзень і для вязня фашысцкага лагера, жыхара вёскі Будзёнаўкі Васіля Кірылавіча Жаўняка. Разам з работнікамі сельскага клуба, бібліятэкі, ААТ “Аграпрамтэхніка” і мясцовымі жыхарамі ён усклаў кветкі да помніка воінам-вызваліцелям і пажадаў сягодняшняму маладому пакаленню мірнага неба над галавой, а таксама ніколі не забываць, што гэта вайна прынесла беларускаму народу спаленыя вёскі, знішчанае мірнае насельніцтва, фашысцкія лагеры, страчанае дзяцінства, голад і холад.
З гонарам і падзякай нашым дзядам і прадзедам жыхары Ашмяншчыны прынеслі кветкі і лампады да помнікаў. Рэспубліканская патрыятычная акцыя “Мінута маўчання” прайшла ў Кальчунах, Навасёлках, Барунах, Жупранах, Будзёнаўцы, Мураванай Ашмянцы, Крэйванцах, Гродзях, Граўжышках…
АВ