Новы год – час для добрых спраў, святочных мерапрыемстваў і рупнай дапамогі тым, хто яе патрабуе. Асабліва чакаюць навагодніх святаў дзеці, якія яшчэ вераць у казку і сапраўдныя цуды. Добрай традыцыяй у нашай краіне стала правядзенне дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, накіраванай на падтрымку дзяцей са шматдзетных, апякунскіх сямей, дзецей-інвалідаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Маштабны марафон добрых спраў распачаўся святочным мерапрыемствам “Новогодняя почта”, якое прайшло на базе СШ№1 ім. М.М. Гружэўскага.
У актавай зале навучальнай установы сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з нецярпеннем чакалі пачатку мерапрыемства. Шчырыя ўсмешкі асвятлялі залу, адчувалася лёгкае хваляванне. У пачатку мерапрыемста з прывітальным словам да дзяцей звярнулася Наталля Станкевіч, намеснік старшыні райвыканкама. Яна расказала прысутным пра вытокі і мэту акцыі “Нашы дзеці”. Начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская пажадала дзецям моцнага здароўя, трывалай веры ў цуды і дабрыню. Прысутнічалі і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў Аляксей Дэрвіс, Ганна Амбражэвіч, Марына Куліковіч, Вольга Барысенка-Рабко, якія далучыліся да віншаванняў.
Тэатралізаванае прадстаўленне захапіла прысутных. Казачныя героі прапаноўвалі маленькім гледачам розныя выпрабаванні: адгадаць рэбусы, саспяваць, прадэманстраваць танцавальныя магчымасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўключаліся ў конкурсы, з лёгкасцю спраўляліся з заданнямі.
Вакальныя і танцавальныя нумары заварожвалі і выклікалі ў маленькіх гледачоў зваротную рэакцыю. Апладысментамі яны падтрымлівалі кожнага артыста. Вучні і педагогі агульнаадукацыйных устаноў нашага раёна змаглі стварыць сапраўдную святочную атмасферу і прыўзняты настрой.
Аднак найбольшую колькасць дзіцячых усмешак выклікала з’яўленне галоўных герояў Новага года – Дзеда Мароза і Снягуркі. Дзядуля павітаў прысутных, пажадаў моцнага здароўя і паабяцаў прыйсці да іх з навагоднімі падарункамі. Затым разам са Снягуркай запаліў агні на прыгажуні-елачцы.
Мерапрыемства завяршылася, пакінуўшы пасля сябе прыемныя эмоцыі, шчырыя ўсмешкі і добры настрой. Аднак гэта далёка не апошняе свята, арганізаванае для нашых дзяцей. Акцыя працягнецца да 15 студзеня. На працягу цэлага месяца будуць праводзіцца святочныя канцэрты, дабрачынныя акцыі, сустрэчы, а дзецям будуць уручацца падарункі.