Рэгіянальны фестываль “Гальшанскі замак” – гэта цудоўная магчымаць акунуцца з галавой у мінулае: вывучыць старадаўнюю польку ці кадрылю, паспрабаваць памераць на сябе зброю сярэдневяковага рыцара, паспрабаваць нейкія прысмакі па дзедавых рэцэптах. А яшчэ, абавязкова трэба нешта прывезці з фестывалю дадому “на памяць”, каб часцей успамінаць гэтую цудоўную падзею. Якімі сувенірамі на фэсце парадуе гасцей аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, мы высветлілі ў народных майстроў.
Як і заўсёды, да сваёй справы майстры падышлі адказна і да свята пачалі рыхтавацца ўжо даўно. У аддзеле рамёстваў ужо назапашаны вялікі асартымент, зроблены працавітымі рукамі майстроў: тут вам вырабы з гліны, мяккія цацкі і лялькі з тэкстылю, саламяныя кветкі, вяночкі і птушка шчасця. На ўсё гэта можна не толькі любавацца, але і набыць нешта для сябе.
Падчас фестывалю на пляцоўцы перад замкам майстар-класы правядуць ганчар Мар’ян Козар і рукадзельніца Валянціна Пакульневіч, з дапамогай якіх можна будзе паспрабаваць сябе ў народных промыслах. Таксама на ўсеагульны агляд будзе прадстаўлена пано з траў, над якім працавалі Валянціна Свірская і Вольга Кавалеўская.