Главная / Новости / Новости района
27.02.2022

На Дакурнішскім участку пануе святочная атмасфера

З самай раніцы на Дакурнішскім участку для галасавання адчуваецца святочная атмасфера. З актавай залы вучэбна-педагагічнага комплексу, дзе размясціўся ўчастак, чутна музыка – рыхтуюцца да канцэрта.

Не прыходзіцца сумаваць і членам камісіі – людзі актыўна ідуць, каб прагаласаваць за будучыню сваёй краіны.

— Жыхары аграгарадка і навакольных вёсак галасуюць даволі актыўна, — расказвае старшыня ўчастковай камісіі па рэферэндуме. – Многія прыходзяць сем’ямі, спецыяльна прымеркавалі выкананне свайго грамадзянскага абавязку да асноўнага дня галасавання. Зразумела, хочацца адчуць урачыстасць моманту. Акрамя таго, сёння можна наведаць канцэрт, паласавацца прысмакамі, якія прапануе буфет, арганізаваны раённым філіялам аблспажыўтаварыства, сустрэцца з аднавяскоўцамі і, не спяшаючыся, абмеркаваць апошнія навіны.

Дружна, усёй сям’ёй, завіталі на ўчастак Наталля і Віктар Амбражэвіч разам з дзеткамі Вікторыяй і Дзмітрыем, а таксама з бацькамі Наталлі. З радасцю і вялікай адказнасцю малечы дапамагалі бацькам і дзядулі з бабуляй выконваць грамадзянскі абавязак – апускалі запоўненыя бюлетэні.

Такую традыцыю – разам хадзіць на ўчастак для галасавання і ўдзельнічаць у найважнейшых для краіны падзеях – у сям’і падтрымліваюць не першы год. Можа, таму з пакалення ў пакаленне перадаецца разуменне важнасці голасу кожнага.

Паводле слоў Наталлі і Віктара, галоўнае для іх, маладых бацькоў, — сацыяльныя гарантыі, падрымка сямейных каштоўнасцей, павага да гістарычнага мінулага,  магчымасці для рэалізацыі моладзі. Усё гэта і многае іншае закладзена ў праекце Асноўнага Закону.

Свой сямейны ўнёсак у будучыню краіны прыйшлі зрабіць Алёна і Міхаіл Кавалёвы. Як людзі працы, яны цалкам упэўнены: прадугледжаныя ў Канстытуцыі палажэнні пра сацыяльную адказнасць людзей патрэбныя. Вяскоўцы, як і некалі іх бацькі, трымаюць гаспадарку, бо ведаюць, што агульны дабрабыт складаецца са стваральнай працы кожнага чалавека.

…Наш карэспандэнт накіроўваўся на іншы ўчастак, а на Дакурнішскі ўчастак для галасавання працягвалі ісці людзі.

АВ