Главная / Новости / Новости района
01.07.2021

Надзейнае супрацоўніцтва

   З 29 чэрвеня па 1 ліпеня ў рэжыме відэа-канферэнц-сувязі прайшоў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
   З Расіяй наша краіна супрацоўнічае даўно, як у кантэксце Саюзнай дзяржавы, так і іншых мерапрыемстваў і праграм. Яна з’яўляецца нашым стратэгічным партнёрам. Таваразварот паміж краінамі за 2020 год склаў $29,5 млрд. За чатыры месяцы гэтага года ён павялічыўся на 32 працэнты ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Цеснае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі адбываецца ў межах Саюзнай дзяржавы. За гэты час па навукова-тэхнічнай лініі рэалізавана больш за 50 праграм. Гэта праекты ў вобласці космасу, хірургіі, сельскай гаспадаркі, метэаралогіі.
   На працягу шэрагу год супрацоўнічае з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі і Ашмянскі раён.
   Аб тым, як ажыццяўляецца гэта супрацоўніцтва, мы гутарым з намеснікам старшыні Ашмянскага райвыканкама Наталляй Станкевіч:
   — Расійская Федэрацыя з’яўляецца адным з самых значных эканамічных партнёраў нашага рэгіёна, больш за 80 працэнтаў экспартнай прадукцыі рэалізуецца нашымі прадпрыемствамі ў Расію. За мінулы год экспарт у краіну-суседку склаў каля 43 мільёнаў 400 тысяч долараў ЗША. Флагманамі ў гэтым напрамку з’яўляюцца «Ашмянскі сыраробны завод» філіял ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», які больш за 98 працэнтаў сваёй прадукцыі, а гэта цвёрдыя сыры і сметанковае масла, рэалізуе ў Расію, і ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», а таксама такія прадпрыемствы прамысловасці як ААТ «Гальшанскі крухмальны завод»,  «Радыётэхніка»,  «Белкава».
   Асноўныя экспартныя пазіцыі — гэта мяса-малочная прадукцыя, бульбяны крухмал, электраабсталяванне для транспартных сродкаў, прадукцыя харчовай і лёгкай прамысловасці.
   Актыўнае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй наш рэгіён вядзе ў сферы аказання паслуг пры будаўніцтве аб’ектаў Беларускай АЭС. За мінулы год ААТ “Будаўнік” было аказана такіх паслуг на суму больш за 3 мільёны долараў ЗША.
   Ашмянскім раённым выканаўчым камітэтам заключаны дамовы аб супрацоўніцтве з Тутаеўскім муніцыпальным раёнам Яраслаўскай вобласці, а таксама Кандапожскім муніцыпальным раёнам Рэспублікі Карэлія, што дае нам магчымасць мець стасункі не толькі ў эканамічным плане, але і ў навукова-тэхнічнай і культурнай сферах.

Ашмянскі веснік