Главная / Новости / Новости района
24.02.2022

У Ашмянах прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

   Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па праву лічыцца ўсенародным святам, днём памяці, мужнасці і гераізму ўсіх пакаленняў абаронцаў Айчыны, якія адстаялі незалежнасць роднай зямлі.

   Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды прайшло ў раённым цэнтры культуры. Яно сабрала прадстаўнікоў праваахоўных органаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, воінаў-пагранічнікаў, ветэранаў працы, удзельнікаў баявых дзеянняў у Афганістане, членаў працоўных калектываў.

   Выставу ўзбраення і экіпіроўкі органаў пагранічнай службы падрыхтавалі ваеннаслужачыя Смаргонскай пагранічнай групы.

   У адрас тых, хто беражліва захоўвае і памнажае слаўныя традыцыі армейскага братэрства, прагучала шмат цёплых і шчырых слоў. Са святам гасцей мерапрыемства павіншаваў старшыня Ашмянскага райвыканкама Уладзіслаў Гершгорын.

   — Ва ўсведамленні многіх пакаленняў гэта ўсенароднае свята непарыўна звязана з ідэямі патрыятызму, самаахвярнага служэння сваёй Айчыне, вернасці вайсковаму доўгу і прысязе, — адзначыў кіраўнік раёна. – У гэты дзень мы аддаем даніну павагі воінам усіх пакаленняў. Самыя цёплыя словы ўдзячнасці – вялікаму пакаленню пераможцаў, якія пераадолелі неймаверныя, невыносныя выпрабаванні і паказалі, што значыць сіла любові да Айчыны. Яны навечна пакінулі нашчадкам гістарычны ўрок адзінства народа, у самыя трагічныя перыяды ваеннага часу не думалі аб смерці, а ведалі толькі адно – трэба выстаяць і перамагчы. Мы ганарымся ратнай доблесцю нашых салдат, удзячны ім за мірнае жыццё, беражліва захоўваем памяць аб іх вялікіх справах і здзяйсненнях. Аб гэтымсведчыць аб’яўленне 2022 года ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Сёння ў нас надаецца шмат увагі не толькі гэтаму пытанню, але і недапушчэнню рэабілітацыі нацызму, у тым ліку на заканадаўчым узроўні. Гэтыя важнейшыя фундаментальныякаштоўнасці беларускага грамадства і дзяржавы замацаваны ў праекце Канстытуцыі. Вялікая ўвага скіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі, што з’яўляецца асноватворным фактарам умацавання дзяржаўнасці ў нашай краіне. У гэты святочны дзень сардэчна віншуем усіх, хто крочыў і крочыць зараз у армейскім страі, незалежна ад прафесіі і роду дзейнасці забяспечвае абароназдольнасць і бяспеку нашай дзяржавы. Па традыцыі мы віншуем усіх мужчын, якія ў мірны час сваёй працай уносяць уклад у прымнажэнне багацця і славы нашай Беларусі. Няхай гэта свята адважных і мужных людзей будзе мірным і радасным.

   Да віншавання далучыўся ваенны камісар Ашмянскага раёна падпалкоўнік Ігар Місюкевіч, які ўручыў юбілейны медаль «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”Сяргею Дзегцярову, старшыні Ашмянскай раённай структуры “Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту”. Юбілейным медалём “75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” узнагароджаны Уладзімір Бельчанка, старшыняраённага савета ветэранаў.

   Музычны падарунак для ўсіх прысутных у зале падрыхтавалі артысты Лідскага эстраднага аркестра, работнікі ўстаноў культуры раёна і вучань СШ № 2 Архіп Гардзей.

   Завяршылася ўрачыстасць цырымоніяй ускладання кветак да брацкай магілы ў гарадскім парку.

Ошмянский вестник