У Ашмянах прайшоў трэці восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш – апошні ў гытым годзе. На плошчы 17 Верасня і вуліцы Першамайскай з раніцы было мнагалюдна, бойка ішоў гандаль. Ды і купіць было што. Памідоры розных гатункаў і колераў, агуркі, чырвонабокія яблыкі, ігрушы, цыбуля, часнок, морква, перац, капуста, бульба – вочы разбягаліся ад прадстаўленай сельскагаспадарчай прадукцыі і мноства гандлёвых кропак.
На кірмаш у Ашмяны прыехалі не толькі сялянска-фермерскія гаспадаркі з нашага раёна, але і з Іўя, Смаргоні, Астраўца. Былі гандляры з Мастоў, Вілейкі, Пастаў і нават са Століншчыны. Гандлявалі і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, і рамеснікі, і фізічныя асобы, на чыіх прысядзібных участках, у садах вырас добры ўраджай. Ашмянскі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства гандляваў гароднінай, якая дарэчы, каштавала таней, чым у іншых гандлёвых кропках. Бульбу, цыбулю, капусту, часнок тут хутка раскупілі.
Сярод агародніны найбольшай папулярнасцю карысталіся капуста і бульба, якімі многія запасаліся на цэлую зіму і куплялі мяшкамі. Сярод гатункаў бульбы найбольш куплялі “Першацвет”, “Каралеву Ганну”, “Скарб”, “Лілі”.
Прыцягвалі погляд журавіны – некаторыя куплялі ягаду, якая праехала з балотаў Віцебшчыны — Пастаўскага раёна, некаторыя куплялі ў сваіх ашмянскіх прадаўцоў.
Вялікі попыт быў на зерне – асабліва пшаніцу. Амаль за гадзіну машына з зернем КСУП “Гальшаны” была раскуплена. Добра ішоў гандаль і ля машыны КСУП “Крэйванцы”. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна прадавалі таксама і зерне кукурузы, а КРСУП “Э/б “Баруны” – бульбу і яблыкі.
Парадаваў кірмаш і вялікім асартыментам мясной прадукцыі: сала, вяндліна, кумпякі, кілбасы розных гатункаў. Ля тарговай кропкі Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства чарга – за мясам і астуджанымі курамі.
Прыхільнікі рыбы маглі набыць і замарожаную, і жывую рыбу. Карпаў, талсталобіка і белага амура прадавала рыбная гаспадарка “Солы”.
Вялікім попытам карысталіся хрызантэмы — куставыя, шаравідныя, з маленькімі і буйнымі кветкамі, нізенькія і высокія. А ад іх незвычайных колераў стракацела ў вачах.
Садаводы мелі магчымасць набыць саджанцы пладовых дрэў і дэкаратыўных кустоў – выбар іх быў таксама шырокі.
Хапала на кірмашы і вырабаў з дрэва, сувенірнай прадукцыі, цацак, салодкіх прысмакаў. Можна было набыць сабе не толькі шапку, пальчаткі і цёплыя наскі, але і шубку на зіму.
Ну, і які ж кірмаш без музыкі і песні? Святочны настрой стваралі на кірмашы работнікі Ашмянскага цэнтра культуры, якія ў скверы на плошчы 17 Верасня правялі цэлае прадстаўленне з песнямі і жартамі. Сваім імпэтам і гарэзлівасцю, звонкімі галасамі і жывой музыкай яны сабралі каля сябе нямала слухачоў.