Сёлета ашмянская зямля ў дзясяты раз запрасіла да сябе навукоўцаў, краязнаўцаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй людзей на навукова-парактычную канферэнцыю “Гальшанскія чытанні”. Распачатае яшчэ ў 2006 годзе Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Ашмянскім райвыканкамам мерапрыемства стала штуршком у больш дасканалым вывучэнні нашага рэгіёна і дало магчымасць падняць глыбокі і багаты пласт нашай гісторыі.
Гальшанскія чытанні сталі стымулам для актывізацыі даследчай дзейнасці сярод маладога пакалення ашмянцаў. Адметна тое, што іх работы сёння займаюць дастойнае месца сярод прац сталых навукоўцаў у зборніках матэрыялаў, што рыхтуюцца Інстытутам гісторыі па выніках чарговых навуковых сустрэч. У скарбонцы гісторыі Ашмянскага краю знаходзяцца сёння выданні Інстытута гісторыі НАН Беларусі, падрыхтаваныя па матэрыялах “чытанняў”: “Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён”, “Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына” і “Ашмяншчына: праблемы рэгіянальнай гісторыі Беларусі”.
За гэты час пад эгідай Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праведзены грунтоўныя археалагічныя даследаванні гальшанскага гарадзішча і селішча. Геадэзічны пункт мерыдыяна Дугі Струвэ стаў адметнай кропкай не толькі на карце Ашмянскага раёна, але і набыў сусветную значнасць: спачатку праз усталяванне знака, затым праз кнігу дацэнта БНТУ Уладзіміра Мкртчана “Геодезическая дуга Струве: путь к историческому наследию” і віртуальны музей дугі ў Гальшанскай сельскай бібліятэцы. Памятны знак на месцы гібелі славутага экіпажа бамбардзіроўшчыка “Ілья Мурамец” паспрыяў наладжванню трывалых стасункаў з азербайджанскімі і расійскімі гісторыкамі, якія займаюцца вывучэннем Першай сусветнай вайны і адшукваюць землякоў, звязаных з гэтымі падзеямі. Гальшанскія чытанні прыцягнулі ўвагу грамадскасці да гістарычнай постаці нашай зямлячкі, заcнавальніцы роду Ягелонаў Соф’і Гальшанскай. Вобраз маці польскіх каралёў быў увекавечаны ў камені. Падчас першай навукова-практычнай канферэнцыі помнік быў урачыста ўсталяваны ў цэнтры Гальшан. Гэтыя абставіны падштурхнулі пісьменніка Анатоля Бутэвіча да напісання гістарычнага рамана “Каралева не здраджвала каралю”, прэзентацыя якога прайшла ў Гальшанах. А праз пяць год ля сцен замка адбыўся паказ першага беларускага нацыянальнага мюзікла, галоўнай гераіняй якога стала наша славутая зямлячка. Кіраўніцтва Інстытута гісторыі аказвае садзейнічанне ў справе па рэстаўрацыі і кансервацыі руінаў замка Сапегаў у Гальшанах.
Шмат новых звестак і цікавых фактаў можна было пачуць на навуковым форуме падчас дзясятых Гальшанскіх чытанняў, якія былі аб’яднаны тэмай “Ашмяншчына – гісторыя населеных пунктаў”. У фае Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў, дзе прайшло пленарнае пасяджэнне, разгарнулася выстава юных мастакоў школы “Ашмяны і выаколіцы”. З выбітнымі асобамі краю пазнаёміла выстава раённай бібліятэкі “Зямлі ашмянскай родныя вытокі”. Тут жа можна было пазнаёміцца з гісторыяй правядзення “Гальшанскіх чытанняў”. Вітаў гасцей інструментальны ансамбль настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў.
Пачаліся чытанні тэатралізаваным пралогам, які падрыхтавалі работнікі раённага цэнтра культуры. На пачатку пленарнага пасяджэння ад Ашмянскага райвыканкама гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі прывітала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Александровіч. За значны ўклад у даследаванне гісторыі роднага краю вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык і загадчык цэнтра гісторыі Беларусі IX – XVIII cтагоддзяў і спецыяльных гістарычных навук Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валянцін Голубеў уручылі падзякі інстытута настаўніцы геаграфіі гімназіі №1 Святлане Ляпко, вучаніцы 9 класа гімназіі №1 Дар’і Дзенісенцы, вучаніцы 11 класа Гальшанскай СШ Дар’і Ганусевіч, вучаніцы 11 класа СШ №2 Марыі Гадлеўскай, вучаніцы 11 класа СШ №1 імя М.М. Гружэўскага Валерыі Трайкоўскай.
Падчас працы ў секцыях было ўзнята шырокае кола тэм і пытанняў: тэндэнцыя развіцця ў часы ВКЛ населеных пунктаў Ашмянскага павета, вынікі археалагічных даследаванняў апошніх гадоў на тэрыторыі Ашмяншчыны, крыніцы па гісторыі млынарства, вексілаграфічная спадчына Ашмяншчыны, канфесійныя канфлікты на Віленшчыне праз творчасць Францішка Багушэвіча і інш.
Падрабязна аб выніках дзясятых Гальшанскіх чытанняў чытайце на старонках газеты.
АВ