Главная / Новости / Новости района
30.06.2022

У Ашмянскім філіяле спажывецкага таварыства работнікам, якія адпрацавалі ў калектыве 20 год, прысвоена званне “Ветэран калектыву”

Кадры вырашаюць усё – з гэтым меркаваннем нельга не пагадзіцца. Калі за справу бяруцца прафесіяналы, усе пытанні вырашаюцца паспяхова і ў тэрмін. Сёння структуры спажывецкага таварыства даводзіцца працаваць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі, таму ўнёсак  кожнага адданага сваёй справе чалавека тут важкі і карысны.

У Ашмянскім філіяле спажывецкага таварыства работнікам, якія адпрацавалі ў калектыве 20 год, прысвойваецца званне “Ветэран калектыву”. Працоўны стаж Леакадзіі Вітальеўны Бубен і Дануты Леанардаўны Якаўчык даўно перасягнуў гэту мяжу.

Лепшая ўзнагарода, калі пазнаюць людзі

Леакадзія Вітальеўна Бубен у галіне раённага спажывецкага таварыства працуе ўжо 46 год – з 1975-га. Калі ў Баранавіцкім тэхналагічным тэхнікуме атрымала  спецыяльнасць “тэхнік-тэхнолаг хлебапякарнай вытворчасці”, яна зусім не думала, што лёс накіруе яе ў іншы бок і што ёй прыйдзецца працаваць на такім нялёгкім участку работы, на якім не кожны мужчына справіцца. Леакадзія Вітальеўна ўжо на працягу дзесяцігоддзяў узначальвае забойны цэх аддзела прамысловасці Ашмянскага філіяла абласнога спажыўтаварыства.

Леакадзія Вітальеўна прыйшла у спажыўкааперацыю ў тыя гады, калі адзначаўся яе ўздым і ўсюды патрэбны былі спецыялісты і рабочыя рукі. У гэты час асаблівы ўпор рабіўся на новыя формы  гандлю і будаўніцтва матэрыяльна-тэхнічнай базы. У 1968 годзе ў Ашмянах пачаў працаваць хлебазавод, у 1971 – забойны і калбасны цахі, вырасла колькасць магазінаў.

Леакадзія Вітальеўна дзесяць год працавала тэхнолагам і майстрам на хлебазаводзе, у той час, калі прадпрыемства праходзіла станаўленне і фарміраваўся калектыў. Майстрам у забойны цэх, які размяшчаўся поруч з хлебазаводам, перайшла працаваць “часова”. Ды так і засталася там. Калектыў быў вялікім, а праца цяжкой – і ў маральным, і ў фізічным плане, асабліва для жанчыны. Час ад часу ўзнікала жаданне ўсё кінуць і змяніць месца работы. Але перамагала разуменне, што справа, якой яна займаецца, людзям патрэбная, ды і да калектыву яна прывыкла. Сёння ён складаецца з дзесяці чалавек, а аб’ём  работ выконвае значны. Забойны цэх на тэндарнай аснове рэалізуе мясныя паўфабрыкаты ў шматлікія фірмы рэспублікі і Мінска, у горадзе працуе фірменны магазін “Мясная лаўка”.

Леакадзію Вітальеўну добра ведаюць у горадзе і раёне. А сама яна прызнаецца, што лепшая ўзнагарода для яе, калі яе пазнаюць людзі, калі яна з людзьмі і можа быць ім  карыснай.

Іншай работы не ўяўляю

Данута Леанардаўна Якаўчык, галоўны бухгалтар Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, прыйшла працаваць у структуру райспажыўсаюза адразу пасля заканчэння Маладзечанскага ўлікова-планавага тэхнікума (сёння – гандлёва-эканамічнага) і аддала галіне 36 год працоўнага жыцця. Працавала бухгалтарам, пасля — галоўным бухгалтарам хлебазавода, аўтакалоны. Работу сваю любіць і прызнаецца, што іншай работы не ўяўляе, што яе ніколі не наведвала думка памяняць спецыяльнасць ці месца працы: ні тады, калі ў раённым спажывецкім таварыстве налічвалася каля 700 работнікаў і працавала некалькі сельскіх філіялаў, ні пасля, калі адбываліся змены ў структуры арганізацыі. Ёй заўсёды было цікава працаваць з лічбамі. Яшчэ са школы  Дануту Леанардаўну больш прывабліваюць дакладныя навукі, яна прызнаецца, што ёй цяжка штосьці сачыняць, выдумляць. Ёй патрэбны дакладныя факты. Лічыць, што спецыяльнасць бухгалтара выбрала выпадкова – у Маладзечне жыла старэйшая сястра, туды на сямейным савеце і вырашана было накіраваць малодшую, каб была пад наглядам. Але па прашэсці часу прыйшло разуменне, што, мабыць, зусім не выпадкова ўсё склалася так, як склалася. І нават свой дзень нараджэння Данута Леанардаўна адзначае амаль у Дзень кааперацыі.

Работа бухгалтара складаная і рознабаковая, але больш за ўсё – адказная, і не кожны чалавек можа вынесці яе цяжар. Прафесія вымушае ўвесь час вучыцца: трэба добра ведаць заканадаўства і ўсе тыя змены, якія ў ім адбываюцца. Трэба быць вельмі ўважлівым – адна памылка – пераправярай кожную лічбу і нанова працуй над справаздачай. Данута Леанардаўна прызнаецца, што часам прыходзіцца працаваць дома не толькі вечарамі, але і ў выхадны дзень. Галоўны бухгалтар нясе адказнасць не толькі за свой участак работы, але і за работу ўсёй бухгалтэрыі, калектыў якой у райспажыўтаварыстве складаецца з дзесяці чалавек.

Надзейнай апорай для жанчыны стаў муж Аляксандр, які заўсёды падтрымлівае яе і, калі трэба, дапамагае справіцца з хатнімі клопатамі. Да работы жонкі ён заўсёды ставіўся з разуменнем. Нават на бальнічныя, калі хварэлі дзеці, ішоў сам, разумеючы ступень адказнасці работы Дануты. Сёння старэйшы сын Канстанцін таксама працуе ў райспажыўтаварыстве разам з маці, толькі праграмістам.

І ў новы век ляцяць імклівыя гады

Віталій Кастусік, дырэктар Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства:

— Дзякуючы працы такіх людзей, як Леакадзія Вітальеўна і Данута Леанардаўна, іх адказнасці, добрасумленнасці, вопыту, дзякуючы намаганням кожнага неабыякавага работніка нашага таварыства па выніках 2021 года калектыў Ашмянскага філіяла атрымаў другое месца сярод філіялаў Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і ўзнагароду Белкаапсаюза — “Ганаровы знак” — у намінацыі “За прагрэс у дасягненні лепшых паказчыкаў у фінансава-гаспадарчай дзейнасці”.

Доля Ашмянскага філіяла ў сукупным аб’ёме дзейнасці абласнога таварыства склала ў 2021 годзе 4,2 %, у аб’ёме рознічнага таваразвароту – 3,9 %. Філіялам забяспечаны параметры развіцця па тэмпу росту рознічнага звароту грамадскага харчавання (104 %), экспарце тавараў (415,8 тыс. долараў ЗША пры заданні – 197 тыс.), тэмпу росту  прадукцыйнасці працы па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі (116,9 %), вытворчасці прамысловай прадукцыі (126,5 %) і іншых паказчыках.

У маі ў Мастах прайшоў XXXIIIабласны конкурс «Лепшы па прафесіі» сярод прадаўцоў Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, у якім прынялі удзел 32 прадстаўнікі гэтай прафесіі. Высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі і культуры абслугоўвання пакупнікоў, а таксама веданне правіл таргоўлі прадэманстравалі і прадаўцы Ашмянскага філіяла абласнога таварыства Алена Азаровіч і Таццяна Кастуновіч, якіх жыхары Ашмян добра ведаюць як прадаўцоў магазіна “ProЗапас”. Паспяхова выканаўшы пяць конкурсных заданняў, два з якіх былі практычнымі і праходзілі ў магазінах Мастоў, Алена Азаровіч заняла трэцяе месца ў вобласці сярод прадаўцоў нехарчовых тавараў.

Мы разумеем, што сёння ў нашай галіне існуе і шэраг праблем, бачым іх і будзем імкнуцца вырашаць на карысць нашаму раёну і кожнаму жыхару.

Напярэдадні свята жадаю ўсім работнікам і ветэранам Ашмянскага філіяла здароўя, поспехаў, дабрабыту і ладу ў сем’ях. Дзякуй за працу!

АВ