Беларуская зямля – гэта жывая кніга гісторыі, якая хавае ў сваіх нетрах безліч таямніц, разнастайных і загадкавых. Кожны слой грунту захоўвае ў сабе памяць аб часе, які даўно сышоў у нябыт. Дзякуючы руплівай працы археолагаў і сёння ёсць магчымасць дакрануцца да гісторыі, адкрыць новыя і невядомыя факты пра канкрэтную мясцовасць або населены пункт.
Даследчыкаў гісторыі і археолагаў заўсёды вабіла Ашмяншчына. Наш край багаты на каштоўныя знаходкі. І сёння самаадданыя рупліўцы прыязджаюць у раён, каб адкрыць новыя гістарычныя старонкі. Асабліва прывабліваюць навукоўцаў Гальшаны і наваколле. Тут ужо знойдзена шмат цікавых рэчаў, якія захоўваюцца ў музейных фондах. А некаторыя яшчэ знаходзяцца ў зямлі і чакаюць свайго часу. На адкрыццё выставы прыехаў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Кенька. Яго добра ведаюць ашмянцы, а таксама жыхары Гальшан. Кожнае лета, разам з выхаванцамі летніка “Кентаўры”, што базуецца ў Гальшанскай сярэдняй школе, Павел Міхайлавіч выпраўляецца на чарговыя раскопкі.
30 студзеня ў Ашмянскім краязнаўчым музеі адкрылася выстава археалогіі “У пошуках згубленага часам”. На ёй прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак на Гальшанскім археалагічным комплексе, які ўключае ў сябе гарадзішча ХІ-ХVI стагоддзяў, тры селішчы і шэраг курганных могільнікаў. Бранзалеты, рэшткі зброі, косці жывёл, манеты – гэтыя і многія іншыя знаходкі прадстаўлены на экспазіцыі. Знаходкі сведчаць пра тое, што ў населеным пункце віравала жыццё. Гэтым летам, напрыклад, хлопцы і дзяўчаты, што адпачывалі ў летніку, праводзілі раскопкі на чацвёртай курганнай групе, што непадалёк ад Гальшан. Падчас раскопак былі знойдзены рэшткі посуду дзясятага-адзінаццатага стагоддзяў, косці з розных перыядаў. Лагер пачаў працаваць у 2006 годзе, а Павел Міхайлавіч пачаў прыязджаць сюды на раскопкі з 2007 года. Амаль за дваццаць год яму ўдалося выхаваць не адно пакаленне археолагаў і аматараў гісторыі. На адкрыццё выставы былі запрошаны вучні Гальшанскай школы, якія адпачываюць у лагеры. Многія з іх, апрача гэтага, з’яўляюцца экскурсаводамі ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі імя Э. С. Корзуна.
Дзень адкрыцця выставы даў магчымасць наведвальнікам задаць пытанні Паўлу Міхайлавічу, і ашмянцы з радасцю карысталіся гэтай магчымасцю. Пытанні закраналі розныя тэмы: некаторыя цікавіліся найбольш старажытнымі рэчамі на выставе, іншых цікавіла, як удавалася суіснаваць балтам-язычнікам і славянам-хрысціянам, а кагосьці цікавіла постаць легендарнага князя Гольшы. Павел Міхайлавіч з радасцю адказваў на ўсе пытанні і даваў свае каментарыі.
Сабралі арганізатары выставы і калекцыю фотаздымкаў, на якіх адлюстраваны выхаванцы лагера розных гадоў. Пасля заканчэння мерапрыемства ўсе ахвотныя мелі магчымасць больш дэталёва пазнаёміцца з прадстаўленымі рэчамі і фотаздымкамі.
Выстава будзе дзейнічаць да 15 сакавіка. У гэты час ёсць магчымасць наведаць музей і дакрануцца да гісторыі свайго краю.