Главная / Новости / Новости района
08.01.2026

У Ашмянскім раённым цэнтры культуры адбыліся чарговыя Калядныя сустрэчы

У дзень, калі праваслаўныя веруючыя адзначалі Раство ў Ашмянскім раённым цэнтры культуры адбыліся чарговыя Калядныя сустрэчы. Гэтыя святочныя канцэрты даўно палюбіліся ашмянцам. Каб задаволіць усіх жадаючых, арганізатары ў гэтым годзе  павялічылі колькасць прадстаўленняў – ад традыцыйных двух да чатырох. Сваю гісторыю святочныя імпрэзы адлічваюць з сярэдзіны 90-х гадоў прошлага стагоддзя, і на працягу ўсяго гэтага часу кожны год  здзіўляюць ашмянцаў новымі творчымі знаходкамі.

Калядныя сустрэчы збіраюць тых, хто любіць і шануе музыку, танец, песню, гумар, а работнікі культуры заўзята і адказна рыхтуюць сваю навагоднюю творчую справаздачу. З поспехам прайшлі і чарговыя Калядныя сустрэчы, прыемна ўразіўшы ашмянцаў фантазіяй, гумарам і талентам пастаноўшчыкаў і выканаўцаў.

У праграме гучалі і вядомыя мелодыі, і сучасныя кампазіцыі, песні пра каханне і Новы год, пра сустрэчы і развітанні. Танцавальныя нумары ўпрыгожвалі іх і дадавалі тэатральнасці. Як заўсёды, святочны канцэрт быў аб’яднаны ў адзінае цэлае цікавым і забаўляльным казачным сюжэтам.

Па традыцыі гледачоў чакала латарэя, а шчасліўчыкаў —   падарункі ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Жыхароў горада радавалі сваімі выступленнямі Вераніка Свідрыцкая і Ксенія Емельянович, Ігар Высоцкі і Алёна Лаздзін, Дзмітрый Попчанка і Наталля Чэўжык, Михаіл Шчучка і Любоў Шчарбакова, Ульяна Зенкевіч і Аляксандр Рабко, Вадзім Васілеўскі і Радамір, народны вакальны ансамбль «Мельніца», артысты народного тэатра танца і песні «Імпульс».

У казачных персанажаў ператварыліся артысты народнага драматычнага тэатра Марта Бабовік, Андрэй Кузьменка, Наталля Гардзей, Тамара Розель, Максім Казакевіч, Вераніка Свідрыцкая, Ксенія Емельяновіч, Міхаіл Шчучка, Аляксандр Корзан, Ульяна Карпаленка. Сваім акцёрскім майстэрствам і гумарам яны падарылі гледачам шмат прыемных і шчаслівых хвілін.

У зале панаваў святочны настрой, а са сцэны гучалі словы віншаванняў. Гледачы дзякавалі артыстам гучнымі апладысментамі. Калядныя сустрэчы ў чарговы раз стварылі казачную атмасферу  цеплыні і еднасці, падарылі веру ў цуд, дапамаглі дакрануцца да прыгожага свету мастацтва.

Нездарма менавіта на гэтай імпрэзе было вырашана агучыць вынікі  раённага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне ўстаноў і арганізацый горада. Сваёй працай і фантазіяй у час падрыхтоўкі да конкурсу прадпрыемствы і арганізацыі таксама стварылі казку і прыгажосць, якая на працягу некалькіх тыдняў радавала  жыхароў і гасцей горада.

Дыпломы пераможцам уручыла намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Ганна Язель. Лепшымі па выніках анлайн-галасавання жыхароў раёна сталі ААТ «Ашмянскі мясакамбінат», ААТ «Будаўнік», Ашмянская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа імя А.С. Барбашынскага, сярэдняя школа № 3, дзіцячы сад № 6. Гран-пры атрымала прадпрыемства, якое не ўдзельнічала ў галасаванні, але ўнесла аграмадны ўклад ва ўпрыгожанне города, — Ашмянскае раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Гледачы пакідалі залу, поўныя станоўчых уражанняў. Чарговая навагодняя казка атрымалася на выдатна.