Главная / Новости / Новости района
07.10.2020

У гімназіі №1 г. Ашмяны прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця школьнага музея

   Напярэдадні дня настаўніка ў сценах гімназіі №1 г. Ашмяны прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця школьнага музея “Вехі гісторыі”. Пятнаццаць гадоў прайшло з заснавання гімназіі, а адкрыццё музея – гэта вынік карпатлівай працы настаўнікаў–энтузіястаў, вучняў і выпускнікоў навучальнай установы, былых педагогаў і кіраўніка школы-інтэрната Уладзіміра Бізюка, а таксама жыхароў горада і неабыякавых людзей, зацікаўленых гісторыяй.
   Вучні і педагогі гімназіі на працягу многіх месяцаў займаліся пошукам экспанатаў, якія расказваюць аб жыцці і традыцыях мінулых пакаленняў, а таксама зборам інфармацыі аб гісторыі існавання тагачаснага будынка гімназіі, яе выкладчыках і выпускніках.
   — Дагэтуль у гімназіі існаваў віртуальны музей, але так хацелася дакрануцца да вытокаў, — расказвае дырэктар установы Вольга Саванец. – Я ўпэўнена, што кожны з педагогаў знойдзе тут якую-небудзь лёсавызначальную падзею ці рэч, таму што кожны экспанат звязаны з педагогам. Да нас у гэтых сценах было шмат папярэднікаў – польская гімназія, вучылішча і школа-інтэрнат… Я спадзяюся, што Уладзімір Бізюк будзе частым госцем у нашай установе.
   Таксама Вольга Саванец выказала словы віншавання і ўдзячнасці тым, хто стаяў у вытокаў музея – Святлане Баркоўскай, Тэрэсе Кошань і Ірыне Міхайлоўскай.
   Права адкрыць музей і перарэзаць чырвоную стужку было прадстаўлена начальніку упраўлення адукацыі Святлане Баркоўскай, дырэктару гімназіі Вользе Саванец і настаўніку гісторыі Ларысе Ларыёнавай. Падчас урачыстага адкрыцця музея госці змаглі першымі пазнаёміцца са змястоўнымі і цікавымі экспазіцыямі.
   Пачынаючы экскурсію па музеі, Ларыса Ларыёнава адзначыла, што ў яго сценах аб’ядналіся гісторыі некалькіх навучальных устаноў, якія ў розны час месціліся тут. У некаторых будынках, якія зараз займае гімназія, у свой час размяшчаліся турма (пачатак 20 стагоддзя), польская гімназія (1918 – 1939 гады), педагагічнае вучылішча (1945-1957 год), школа-інтэрнат (1957 – 2018 год) і ў мінулым годзе сюды “пераехала” гарадская гімназія.
   Першая экспазіцыя прысвечана польскай гімназіі імя Яна Снядэцкага. На стэндзе – мноства фотаздымкаў, архіўных дакументаў, якія адлюстроўваюць жыццё навучальнай установы. На адным з фотаздымкаў “расцягнулася” доўгая Жупранская вуліца (сучасная Савецкая), у канцы якой і высіцца будынак тады польскай гімназіі, а цяпер гімназіі №1. На другім стэндзе беражліва сабрана гісторыя педагагічнага вучылішча, фота першага і апошняга выпускаў (усяго іх было дзесяць). Сярод экспанатаў таго часу – рэчы для пісьма і вучэбныя дапаможнікі.
   Самая вялікая і змястоўная экспазіцыя прысвечана гісторыі Ашмянскай дзіцячай школы-інтэрната. Навучальую ўстанову зачынілі два гады таму, але памяць аб педагогах і выпускніках працягвае жыць у рэчах і фотаздымках.
   Гісторыя школы-інтэрната пачынаецца з 1957 года. Многія з педагогаў, якія прыйшлі ў школу-інтэрнат, засталіся ў ёй назаўжды, прысвяціўшы сябе важнай прафесіі. Візітоўкай установы з’яўляўся ўзорны хор «Пралеска», якім некалькі дзясяткаў гадоў кіравала Вольга Емяльянава. Хор рэгулярна выступаў не толькі ў Беларусі, але і быў частым госцем на замежнай сцэне. Цяпер у школьным музеі будуць беражліва захоўвацца ўзнагароды і багаты фотаархіў музыкантаў.
   Выпускнікі школы-інтэрната даўно пакінулі школу, якая стала для іх домам. І, як бы ні склаўся іх лёс, хочацца верыць, што яны з цеплынёй будуць успамінаць час, праведзены тут, не згубяць сувязі з людзьмі, якія замянілі ім бацькоў. З упэўненасцю можна адзначыць, што справа былога дырэктара навучальнай установы Уладзіміра Бізюка працягваецца і памнажаецца.
   З будынкам сучаснай гімназіі, а ў мінулым педагагічнага вучылішча, непарыўна звязаны лёс і настаўніцкай дынастыі Кілачыцкіх. Успамінамі пра бацьку, вядомага выкладчыка педагагічнага вучылішча Міхаіла Кілачыцкага і маці, тады яшчэ студэнтку гэтай установы, а пасля настаўніцу нямецкай мовы, Вольгу Шастову — падзялілася Ірына Готка, намеснік дырэктара гімназіі. Працягнуў настаўніцкую справу і брат Ірыны Міхайлаўны Вячаслаў, які выкладаў гісторыю і геаграфію ў сценах школы-інтэрната.
   Апошняя экспазіцыя музея “Вехі гісторыі” цалкам не скончаная. Яна прысвечана сучаснай гімназіі. Юныя экскурсаводы Ягор Саванец і Аляксандра Кужэльная адзначылі, што хутка старонкі гісторыі навучальнай ўстановы запоўняцца новымі падзеямі і тварамі. Экскурсіі ў музеі “Вехі гісторыі” будуць праводзіцца на беларускай, рускай і англійскай мовах. Плануецца, што экскурсаводамі стануць вучні гімназіі.
   Пасля экскурсіі першыя запісы ў кнізе водгукаў пакінулі былы дырэктар школы-інтэрната Уладзімр Бізюк і начальнік упраўлення адукацыі Святлана Баркоўская.

Ошмянский вестник