Главная / Новости / Новости района
23.12.2022

 У СШ №3 адбылася сустрэча з вучнямі, якія прадставяць Ашмянскі раён на абласным этапе прадметнай алімпіяды

Працалюбства, талент, дапытлівасць – нязменныя спадарожнікі маладога чалавека, які жадае дасягнуць жыццёвых поспехаў, рэалізавацца ў пэўнай сферы. Надзвычай важна дапамагчы маладому пакаленню зрабіць першыя крокі ў адпаведным напрамку.

Ашмянскія школьнікі таксама працуюць у гэтым накірунку: праз удзел у алімпіядах, творчых конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях яны дасягаюць вынікаў, вучацца самастойнасці, дысцыплінаванасці, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу і ўласных рэсурсаў. 15 таленавітых і творчых вучняў прадставяць наш раён на абласным этапе алімпіяды па розных прадметах. Усе яны паказалі высокі вынік на раённым спаборніцтве.

У СШ №3 адбылося мерапрыемства, на якое былі запрошаны вучні-алімпіяднікі, іх педагогі і бацькі. Святлана Баркоўская, начальнік упраўлення адукацыі, павіншавала пераможцаў, пажадала ім працалюбства, дапытлівасці і ўручыла сертыфікаты ўдзельнікаў наступнага этапу алімпіяды. Юныя хімікі, біёлагі, матэматыкі і філолагі толькі пачынаюць свой шлях на зорны алімп, але многія ўжо дасягнулі выдатных вынікаў. Елізавеце Лабачэўскай, вучаніцы дзявятага класа СШ №3, пакарылася не адна вышыня. У мінулым годзе дзяўчына ўвайшла ў лік пераможцаў заключнага этапу алімпіяды па беларускай мове. Школьніца прывітала прысутных, падзякавала бацькам, настаўнікам і адміністрацыі за клопат і дапамогу.

Асаблівае месца на мерапрыемстве было адведзена рупнай працы педагогаў, бо менавіта яны зацікавілі прадметам і прывілі любоў да яго. Падрыхтоўка да алімпіяды – праца складаная, аднак заўсёды прыносіць асалоду і задавальненне. У гэтым упэўнена настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Марына Свірбутовіч. Яна адзначыла, што надзвычай важным з’яўляецца жаданне вучня пазнаваць новае, імкнуцца да ўсебаковага развіцця. А настаўнікі і бацькі – гэта надзейная апора і дапамога.

Святлана Баркоўская падзякавала бацькам за добрае выхаванне дзяцей і ўручыла законным прадстаўнікам падзячныя лісты. Гонар за дзяцей чытаўся на тварах бацькоў. Валянціна Зянкевіч – мама дзевяцікласніцы Наталлі. На раённым этапе яе дачка прадэманстравала выдатныя веды па рускай мове. Валянціна Генрыхаўна таксама педагог. Яна выкладае рускую мову і літаратуру ў СШ №3. Зразумела, што яна першая прывіла дачцэ любоў да прадмета, дапамагла зрабіць першыя крокі. Эстафету падхапіла Юлія Андрушойць, якая зараз выкладае прадмет у дзявятым класе і дапамагае паглыбляць атрыманыя веды.

На сустрэчу прыйшла і Вольга Міхайлава, педагог-псіхолаг СШ №3. Яна расказала аб спосабах пераадолення празмернай трывогі перад пачаткам алімпіяды, пазнаёміла з рознымі тэхнікамі, якія, магчыма, дапамогуць камусьці справіцца з празмерным хваляваннем.

Творчыя нумары таленавітых выхаванцаў СШ №3 стваралі прыўзняты настрой і святочную атмасферу. Такая падтрымка абавязкова дапаможа таленавітым юнакам і дзяўчатам дасягнуць новых вышынь. Галоўнае – ісці да сваёй мэты і не збочваць з выбранага шляху.