Главная / Новости / Новости района
29.06.2022

Замак — для нашчадкаў

Больш за год таму адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі адноўленай паўночнай вежы Гальшанскага замка. На рэстаўрацыю за ўвесь перыяд работ было выдаткавана каля чатырох мільёнаў рублёў — з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі». Дзякуючы ўнёску з мясцовага бюджэту быў абсталяваны візіт-цэнтр, дзе ёсць магчымасць набыць цікавыя сувеніры і знакаміты гальшанскі пернік.

Прыемныя перамены заўважылі не толькі местачкоўцы, але і шматлікія турысты. Да густу ім прыйшліся «Вечары ў Соф’і Гальшанскай», якія рэгулярна ладзяцца работнікамі культуры ля сцен замка. Зрэшты, нават у звычайны дзень тут людна — наведвальнікі экскурсій спяшаюцца пазнаёміцца з багатай гісторыяй краю, мясцовымі легендамі і пабываць на назіральнай пляцоўцы. Супрацоўнікамі музея распрацаваны новыя турыстычныя маршруты, у тым ліку і тэматычныя.

Тыя, хто апошні раз быў ля замка некалькі год таму, пераканаліся: цалкам новы выгляд набыла прызамкавая тэрыторыя, з’явіліся ёмістая стаянка, сучаснае асвятленне, на замку абсталяваны лесвіцы і аглядальныя пляцоўкі. Асобае месца займае музеефікацыя паўночнай вежы.

І гэта не кропка. Як паведаміў метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, праз некалькі дзён распачнецца чарговы этап рамонтна-аднаўленчых работ. Ужо прайшла экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя, выбраны падрадчык. Плануецца выканаць работы па ўмацаванні і кансервацыі сцен паўночна-ўсходняга корпуса. У гэтым годзе Дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на выкананне аднаўленчых работ на замку прадугледжана 520 тысяч рублёў.

АВ