Главная / Новости / Новости района
29.07.2024

Жніво на Ашмяншчыне набірае абароты. Гарачая пара і ў КСУП “Прыгранічны”

Ніхто, напэўна, не будзе спрачацца з тым, што ўборка ўраджаю ў аграрыяў  – гэта самая напружаная і адказная сельгаскампанія. І важна правесці яе якасна, каб сабраць вырашчанае да апошняга зярнятка. Менавіта таму зранку і да позняга вечара, калі толькі дазваляе надвор’е, шчыруюць на палях хлебаробы.

У КСУП “Прыгранічны” сёлета патрэбна ўбраць 1770 гектараў зерневых і зернебабовых. Уборка азімага рапсу, азімага ячменю ў гаспадарцы завершана, аднак часу на перапынак няма – на палях кіпіць работа. За вёскай Рудзішкі мы заспелі пяць камбайнерскіх экіпажаў, якія абмалочвалі яравы авёс – яго клін у гаспадарцы складае 100 гектараў.

Дзяніс Залесскі, Андрэй Савіцкі, Руслан Апуховіч, Аляксандр Будзько, Дзмітрый Размыслоўскі ўпэўнена вялі па полі хлебаўборачныя камбайны. Пяць адзінак тэхнікі задзейнічана на адвозцы зерня новага ўраджаю. Добра арганізавана ў гаспадарцы і ўборка саломы. Адразу за камбайнамі ідуць тры прэспадборшчыкі. Пажарнае прыкрыццё дапамагае забяспечваць механізатар Ашмянскіх электрычных сетак. Па ўсім бачна, што ў КСУП “Прыгранічны” прадпрымаюцца ўсе намаганні, каб убраць хлеб своечасова і без страт.

А каб стварыць неабходныя для плённай працы ўмовы, тут паклапаціліся пра гарачае харчаванне для аграрыяў. Штодня ў сталоўцы гаспадаркі – размяшчаецца яна ў Мураванай Ашмянцы — гатуюцца абеды. Алена Рачыцкая працуе поварам дзевяць год, таму добра ведае, як смачна і сытна накарміць хлебаробаў.

— Кормім ад 70 да 85 чалавек штодня. Частка жывёлаводаў прыходзіць у сталоўку, астатнім абеды дастаўляюцца на поле, — адзначае Алена Іванаўна.

Падчас жніва повар, як і хлебаробы, што шчыруюць у полі, працуе без выхадных, бо ўсіх аб’ядноўвае адна агульная справа – Уборка ўраджаю.

Тым часам да рупліўцаў хлебнай нівы ўжо імчыць машына з абедамі. На кароткі час магутныя камбайны, якія абмалочвалі поле, прыпынілі сваю хаду. Раздатчыца Святлана Гіруць сёння прапануе суп з капусты, грэчневую кашу з курыцай і салат з агуркоў. Да чаю – апетытныя піражкі з капустай.

Усмешкі мужчын і пустыя міскі сведчаць – усе стравы смачныя, як дома. Гэта найлепшы адказ на пытанне старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Раісы Турлай, ці задаволены абедамі.

Узяўшы з сабой падвячоркі і пітную ваду, хлебаробы спяшаюцца да камбайнаў, каб далей працягваць нялёгкі, але вельмі пачэсны  шлях да хлеба. Жніво не церпіць прамаруджвання, кожная хвіліна на ніве дарагая…