Главная / Новости / Новости района
07.01.2026

Жыхарка Ашмянскага раёна Леанарда Люткоўская адзначыла 100-гадовы юбілей

Доўгае жыццё – каштоўны падарунак ад Бога, які атрымлівае не кожны чалавек. Гэты дар дастаецца самым стойкім і мужным людзям, якія заўсёды лічыліся з уласным сумленнем, паважалі блізкіх, былі чулымі і міласэрнымі.

Шостага студзеня стогадовы юбілей адзначыла жыхарка Ашмянскага раёна Леанарда Казіміраўна Люткоўская. У гэты асаблівы дзень да яе завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, каб павіншаваць імянінніцу.

Леанарда Казіміраўна пражыла насычанае жыццё, напоўненае радасцямі і нягодамі. У дзяцінстве ёй давялося перажыць ваенную навалу. Памяць жанчыны і сёння захоўвае асобныя ўспаміны з таго часу. Нарадзілася Леанарда Казіміраўна ў вёсцы Мікулеўшчына, што на Смаргоншчыне. У 1953 годзе выйшла замуж і пераехала да мужа ў вёску Сідляроўшчына. У маляўнічым кутку маладая пара пачала будаваць жыццё. У хуткім часе нарадзіўся першынец, Казімір, затым дачка Рэгіна і сыны Эдвард і Леанід. Жанчына выхоўвала дзяцей у павазе да працы, з малых гадоў вучыла іх з клопатам ставіцца да іншых людзей, захоўваць хрысціянскія традыцыі. Сям’я трымала вялікую гаспадарку, клапаціцца аб якой дапамагалі таксама і дзеці.

У 1999 годзе не стала мужа Баляслава Люткоўскага, але жанчына засталася жыць у Сідляроўшчыне і да 95 гадоў самастойна спраўлялася з бытавымі справамі. На святы і ў выхадныя дні дзеці часта збіраліся ў роднай бацькоўскай хаце, якая стала для іх месцам сілы. Леанарда Казіміраўна з’яўляецца безумоўным аўтарытэтам у сям’і. З яе словам дзеці лічацца нават у сталым узросце. Некалькі год таму Леанарда Казіміраўна пераехала да дачкі ў Кракоўку, дзе родныя атулілі яе клопатам і апекай.

Дачка ашчадна захоўвае альбомы з фотаздымкамі, якія перадаюць гісторыю жыцця любай матулі. Гартаючы старонкі сямейнага летапісу, імянінніца з настальгіяй і хваляваннем прыгадвае жыццёвыя фрагменты.

Свайго прыгожага юбілею імянінніца чакала з хваляваннем. Гэта добрая нагода, каб сустрэцца з самымі блізкімі і роднымі, раздзяліць радасны момант. Увага з боку мясцовай улады, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў стала прыемным сюрпрызам.

— Ваша жыццё – гэта сведчанне працавітасці, мужнасці і любові да роднай зямлі. Вы бачылі розныя эпохі, вы захавалі ў сэрцы святло дабрыні, мудрасці, веры ў чалавека. Ваш юбілей – гэта вялікая падзея для ўсяго раёна, бо вы з’яўляецеся сапраўдным захавальнікам традыцый і маральных арыенціраў. Знакавым з’яўляецца і той факт, што выпаў юбілей на Год беларускай жанчыны, — адзначыла ў сваім віншаванні намеснік старшыні райвыканкама Ганна Язель.

Далучыліся да віншаванняў старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Турлай, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Губарава, дырэктар ТЦСАН Ашмянскага раёна Наталля Ціхановіч. У знакавы дзень атрымала Леанарда Казіміраўна і галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – пашпарт, які з гонарам ёй уручыла начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі Ашмянскага РАУС Анастасія Хількевіч. Сведкамі гэтай падзеі сталі дзеці, унукі і праўнукі юбіляркі.