Главная / Русская версия / Новости / Новости региона
04.08.2022

Як выпякаюць гальшанскі пернік

Гальшанскі замак – адна са славутасцей Ашмянскага раёна, якая прыцягвае ўвагу шматлікіх турыстаў не толькі сваімі архітэктурнымі вартасцямі. Той, хто хоць раз пабываў ля сцен замка, захоча наведацца сюды яшчэ – каб удосталь насыціцца атмасферай містыкі і таямніц, надыхацца водарам славутай гісторыі і нават паспрабаваць яе на смак. Гальшанскі пернік стаў паўнавартасным сімвалам свят, якія ладзяцца ля замка Сапегаў і карыстаецца ўсё большым попытам у турыстаў.

Выпякаюць пернік не ў замку і нават не ў Гальшанах, а ў кандытарскім цэху Ашмянскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Тут выпрацоўваўся і ўдасканальваўся рэцэпт адмысловага ласунку, не адзін раз мяняўся спіс яго інгрэдыентаў.

Майстар кандытарскага цэху Людміла Крулікоўская паказала нам працэс закладкі прадуктаў для цеста, а пакуль яно замешвалася ў спецыяльнай машыне — а гэта каля 40 мінут — расказала пра некаторыя хітрасці выпечкі гальшанскага перніка. Зразумела, яна не расказала пра ўсе. Акрамя таго добра вядома, што нават па адным і тым жа рэцэпце ў розных гаспадынь атрымліваюцца зусім розныя вырабы.

— У цесце няма нічога асаблівага, — расказвае майстар-кандытар. — У аснове – рэцэпт звычайнага перніка. Спачатку ў пэўных суадносінах змешваюцца маргарын, яйкі, цукар, мука. Своеасаблівы смак і пах пернік набывае дзякуючы мёду і спецыяльнаму дадатку, які распрацоўваўся майстрамі цэху. У розны час у гэты дадатак уваходзілі карыца і мармелад.

Напярэдадні свят, якія на працягу шэрагу гадоў ладзяцца на Гальшанскім замку, для кулінараў наступае гарачая пара. Выпечкай пернікаў займаецца ўся змена – чатыры чалавекі. Напрыклад, у гэтым годзе трэба спячы 400 пернікаў па 50 г, 100 – па 200 г, 6 пернікавых пано – па кілаграму. Для такой партыі ласунку спатрэбіцца 36 кілаграмаў цеста. Замясіць яго нескладана — тут дапамагае машына, трэба толькі закласці ў яе патрэбныя прадукты ў патрэбнай паслядоўнасці. Затым цесца пэўны час вылежваецца – адпачывае, і наступае самы адказны этап – цеста трэба раскатаць уручную і, галоўнае, хутка, каб яно не абветрылася і не страціла мяккасць.

Калі раскатанае цеста набывае форму (круглую або прамавугольную), вырабы адпраўляюцца ў печ. Выпякаюцца яны нядоўга – усяго 8-10 хвілін пры тэмпературы 180-200 градусаў. За гэты час кандытары рыхтуюць глазуру. Яе наносяць на астыўшыя пернікі, інакш яна расцячэцца.

Наступны этап таксама адказны і працяглы. Кожны пернік трэба аздобіць уручную. Зверху салодкія вырабы пакрываюцца белай, а зытым распісваюцца шакаладнай глазурай, або на свежую глазуру накладаюцца малюнкі з выявамі Гальшанскага замка з ядомай вафельнай паперы. Пасля пернік апранаюць у празрыстую абгортку. І вось нарэшце мы трымаем у руках той гальшанскі пернік, які будзе прапанаваны турыстам і гасцям замка. Каштаваць пернік вагой 50 грамаў будзе менш за рубель.

На свяце “Гальшанскі замак” пернікі будуць прадавацца ў спецыяльнай гандлёвай палатцы – “Пернікавым доміку”. Апошнім часам усё больш заказаў паступае на яго выраб. Шматлікія турысты абавязкова жадаюць прывезці дамоў пернік, замешаны на водары гісторыі.