Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
22.07.2024

Актыўна ідзе жніво на Ашмяншчыне. Павялічваюцца намалоты

 Сёння аграрыі Ашмяншчыны ўсю ўвагу аддаюць уборачнай кампаніі – ураджай сёлета выспеў на некалькі тыдняў раней, і асноўныя сілы сельгаспрадпрыемстваў задзейнічаны на палях. Да таго ж хлебаробам дапамагаюць вопытныя працаўнікі з іншых арганізацый. Падчас жніва кожныя дбайныя рукі дарэчы. Па стане на 19 ліпеня зерневыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) убраны ў Ашмянскім раёне з 2510 га. Намалочана 8108 тон збожжа. Тым часам жніво ідзе сваёй чарадой, канешне, не без асаблівасцей. Як справядліва адзначыў падчас селектарнай нарады кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, патрэбна адначасова ўбіраць некалькі культур, да таго ж жніво накладваецца на нарыхтоўку траў другога і трэцяга ўкосаў і сяўбу крыжакветных. Аднак галоўны рэцэпт, падкрэсліў Прэзідэнт, просты: высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна. Гэтых важных правіл прытрымліваюцца і крэйванцаўскія хлебаробы, якія выкарыстоўваюць кожную пагожую хвіліну, каб своечасова ўбраць ураджай. На жніве ў гаспадарцы задзейнічана 9 камбайнаў. Частка экіпажаў убірае азімы рапс, другая – яравы ячмень. Уборка азімага ячменю ў КСУП “Крэйванцы” завершана. Некалькі камбайнерскіх экіпажаў мы сустрэлі ў полі за вёскай Ралаўшчына. Упэўнена папаўнялі зерневую скарбонку гаспадаркі яравым ячменем Іван Бушмовіч і Вацлаў Баркоўскі. Мужчыны працуюць у сельскай гаспадарцы ўсё жыццё. Камбайнер Іван каля 25 год дбае на ўборцы, не менш аддаў сялянскай справе і яго памочнік – механізатар Вацлаў Баркоўскі. Побач з калегамі працуюць камбайнеры Уладзімір Даўлевіч, Аляксандр Пяткевіч і Віктар Козік, які на час уборачнай кампаніі бярэ адпачынак на асноўным месцы працы – РУП “Белтаможсервіс” – і ўжо дзясяты год дапамагае аграрыям. Шчыруе на жніве і моладзь – памочнікі камбайнераў Максім Суровіч і Павел Грышэль вучацца ў аграрна-эканамічным каледжы, а летні адпачынак хлопцы вырашылі прысвяціць патрэбнай справе – жніву. З разуменнем да абавязкаў ставіцца і Сяргей Вінцаловіч – памочнікам ён працуе падчас адпачынку ў Ашмянскім РУП ЖКГ. Сумаваць хлебаробам не прыходзіцца, часу на доўгія перапынкі няма – спякотнае надвор’е прыспешвае: важна абмалаціць кожны каласок. Толькі пры такім падыходзе можна разлічваць на добры ўраджай, а ён пакуль што радуе. Крэйванцаўскія хлебаробы збіраюць па 44,4 ц/га яравога ячменю. Адразу з поля ён адпраўляецца на зернеток – на адвозцы задзейнічана некалькі адзінак транспарту. На пытанне, што самае складанае на жніве, рупліўцы хлебнай нівы адказваюць: — Для таго, хто не баіцца працы, нічога складанага няма. Галоўнае, каб было добрае надвор’е і не падводзіла тэхніка. А запалу ў нас хопіць на ўсё жніво. Словы ўпэўненых у сваіх сілах аграрыяў – людзей, адданых зямлі, абнадзейваюць на добры ўраджай.