Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.01.2024

Ашмянцы адзначылі Вадохрышча і акунуліся ў сцюдзёную купель

19 студзеня праваслаўныя вернікі святкуюць Богаяўленне (ў народзе – Вадохрышча), якое нагадвае нам пра хрышчэнне ў рацэ Іардан Ісуса Хрыста. Свята пачынаецца ўрачыстай службай у царкве, на якой асвячаецца вада. Гэтай вялікай святыняй людзі акрапляюць кватэры і рэчы, п’юць з малітвай і клапоцяцца аб тым, каб хрышчэнскай вады хапіла на цэлы год – да наступнага свята. Спакон веку асаблівасцю гэтых дзён студзеня з’яўляецца паніжэнне тэмпературы надвор’я. Але сёлета прырода вырашыла не выпрабоўваць людзей лютым марозам і падарыла лагодную і, што самае галоўнае, бязветраную пагоду. Традыцыйна вадохрышчанскае купанне праводзіцца ў Ашмянах пасля богаслужэння ў храме Уваскрэсення Хрыстова. Настаяцель царквы Георгій Муха разам з матушкай Ірынай накіроўваюцца на вадаём у квартале Будаўнікоў. Пасля малітвы і асвячэння іардані, якую загадзя выразаюць у лёдзе супрацоўнікі Ашмянскага РАНС, айцец Георгій павіншаваў ашмянцаў са святам Богаяўлення і пажадаў моцнага здароўя і душэўнай радасці. На Вадохрышча ў Ашмянах акунаюцца і праваслаўныя, і католікі, і тыя, хто проста пажадаў загартаваць арганізм ад хваробаў. Дарэчы, і ў праваслаўны храм за святой вадой таксама прыходзяць людзі розных канфесій. Гэта традыцыя яднае праваслаўных і католікаў і з’яўляецца знакам асаблівай Божай ласкі, бо Вадохрышча прыпадае акурат у першы дзень Тыдня малітваў за адзінства хрысціян. Сёлета мужчыны былі больш смелымі. У многіх з іх ужо вялікі вопыт пагружэння ў вадохрышчанскую купель. Не першы год акунаюцца ў цудадзейную ваду жыхары ашмян Браніслаў Ясевіч, Іосіф Красоўскі, Сяргей Мікішка. Яны смела заходзілі ў купель і адзначалі, што гэта працэдура ўмацоўвае іх веру ў непахісную сілу ласкі Боскай, якая зберажэ ў моцныя маразы, а таксама абароніць ад хвароб. Па іх прыкладзе накіроўваліся да іардані і іншыя жыхары горада. Сагрэцца пасля акунання можна было гарачым чаем з бутэрбродамі, які арганізавалі работнікі ААТ “Ашмянскі мясакамбінат” сумесна з Ашмянскім філіялам райспажыўтаварыства. Пераапраналіся ашмянцы ў пнеўмакаркасным модулі з абаграваннем, устаноўленым ашмянскімі выратавальнікамі. Гэта сучасная палатка, прызначаная для размяшчэння як асабістага саставу РАНС у палявых умовах, так і арганізацыі пункта абагравання людзей у выпадку надзвычайнай сітуацыі, набыта аддзелам са сродкаў раённага бюджэту пры садзейнічанні раённага выканаўчага камітэта. У сваё прафесійнае свята пільна неслі службу супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Эдуард Кардэль. Дзяжурылі ля вадохрышчанскай купелі таксама супрацоўнікі міліцыі і медыкі.