Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
03.03.2025

Ашмянцы частаваліся блінамі і развітваліся з зімой. У горадзе прайшлі масленічныя гулянні

Аб тым, што зіма не жадае здаваць сваіх пазіцый, сведчыла ў нядзелю пераменлівае надвор’е. Шэрыя хмары ўвесь час пасылалі мокры снег і дождж. А сонца, пакуль яшчэ нясмела, спрабавала пераадолець зімовыя інтрыгі. У цэнтры Ашмян у гэты дзень было весела і шматлюдна – ашмянцы святкавалі Масленіцу. Хто не заленаваўся і прыйшоў на масленічныя гулянні, змог паўдзельнічаць у конкурсах і забавах, паслухаць песні мастацкіх калектываў раённага цэнтра культуры і паласавацца блінамі з рознымі начынкамі. Масленіцу нашы продкі адзначалі сем дзён. Кожны дзень масленічнага тыдня меў сваю назву, у якую ўкладваўся пэўны сэнс. Людзі хадзілі адзін да аднаго ў госці. Абавязковым пачастункам былі бліны. З цягам часу Масленіца зведала шмат змен, аднак і зараз свята з’яўляецца адным з самых любімых ды вясёлых не толькі сярод дзятвы, але і дарослых. Аб гэтым, прынамсі, паклапаціліся работнікі раённага цэнтра культуры. На пляцоўцы ля краязнаўчага музея жыхароў і гасцей райцэнтра віталі Марфа і Фядот, якія разам з іншымі ўдзельнікамі прадстаўлення зладзілі цікавую і змястоўную творчую праграму. Для самых маленькіх удзельнікаў мерапрыемства работнікі раённага цэнтра культуры арганізавалі гульні з цікавымі і займальнымі конкурсамі. Без справы не стаялі і дарослыя. Самыя смелыя прынялі ўдзел у танцавальным конкурсе і спаборніцтве на сілу і спрыт. Пераможцаў чакала ўзнагарода ў выглядзе бліноў. Падсілкавацца масленічнымі блінамі і піражкамі можна было ля палаткі раённага філіяла аблспажыўтаварыства, дзе разгарнулася вулічнае кафэ. Паспытаць лёс, згуляўшы ў бяспройгрышную латарэю, прапаноўвалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Тут за сімвалічную плату можна было пачаставацца блінамі з рознымі начынкамі і сагрэцца гарачым чаем, а разам з тым і набыць на памяць сувенір ручной работы. Мясцовыя народныя ўмельцы і госці з суседніх раёнаў прапаноўвалі цацкі, хатняе начынне і розныя прысмакі. Самыя меткія маглі зазірнуць у цір. Дзеці з задавальненнем каталіся на міні-аўтамабілях. Свята ні свята, калі на ім няма Масленіцы. Сёлета ў Ашмянах іх было шмат – вочы разбягаліся ад такой прыгажосці. Прадстаўніцы ўстаноў адукацыі раёна зладзілі сапраўднае дэфіле і пачаставалі ашмянцаў блінамі. За ўдзел у святочным мерапрыемстве яны атрымалі ў падарунак дыпломы і сувеніры. Пасля таго, як былі з’едзены бліны і вядучыя, зыходзячы з традыцыі праваслаўнай Даравальнай нядзелі, прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства папрасіць адзін у аднаго прабачэнне за правіннасці, настала кульмінацыя свята – спальванне пудзіла Зімы. Гэты момант сімвалізуе сабой прыход вясны, а разам з гэтым – надзею на добры ўраджай і шчаслівы бягучы год.