22.08.2023
Дзень калектыўнага адпачынку прайшоў у Гальшанах
Хто працуе, той і мае. Гэты народны афарызм быў актуальны ва ўсе часы, бо праца чалавека робіць больш высакародным. Асабліва шмат спраў у летні час. Рупныя гаспадары нарыхтоўваюць запасы на зіму, клапоцяцца аб чысціні сваіх прысядзібных участкаў. Аднак за працай нельга забываць і пра адпачынак. Дзень калектыўнага адпачынку – гэта добрая нагода зняць напружанне пасля цяжкага працоўнага тыдня, далучыцца да прыгожага, правесці вольны час разам са сваімі аднавяскоўцамі. У Гальшанах такія мерапрыемствы сталі ўжо добрай традыцыяй. Жыхары аграгарадка з нецярпеннем чакаюць вясковага свята. 20 жніўня адбылося чарговае мерапрыемства ў самым цэнтры мястэчка. Людзі старэйшага веку, моладзь і дзеці завіталі на доўгачаканае свята.
Гасцей віталі дзве вясковыя суседкі – Ганна і Агата. Жарты, прыказкі і прымаўкі ракой ліліся з вуснаў вясковых гераінь. Яны запрашалі усіх прыняць удзел у конкурсах, віктарынах і танцах, а таксама стваралі прыўзняты настрой. Музычныя нумары ад народнага вакальнага ансамбля “Мельница” выклікалі зваротную рэакцыю ў слухачоў, якія падпявалі артыстам і падтрымлівалі іх апладысментамі. Далучыцца да танцаў дапамог народны тэатр танца і песні “Импульс”. Сольныя нумары Арцёма Гружэўскага, Любові Шчарбаковай, Марыны Кісліцкай сталі прыгожым завяршэннем нядзельнага вечара. Прысутныя прыйшлі да высновы, што трэба ўмець не толькі рупна працаваць, але і весела адпачываць.