15.07.2024
Гаспадаркі Ашмянскага раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу
На палетках Ашмянскага раёна завяршылася ўборка азімага ячменю. На чарзе – азімы рапс, культура, якую называюць раслінай будучага. Нездарма Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка некалькі год назад, падчас візіту на Магілёўшчыну, выказаў упэўненасць у тым, што пры ўмове асваення тэхналогіі вырошчвання маслічнага золата і павелічэння пасяўных плошчаў рапс прывядзе “да рэвалюцыі” на сяле.
Ужо ў мінулым годзе ў Беларусі быў сабраны рэкордны ўраджай гэтай культуры – 899 тысяч тон. У бягучым годзе аграрыі плануюць дасягнуць агучанага кіраўніком дзяржавы рубяжу ў мільён тон.
У Ашмянскім раёне сёлета пасеяна 2682 гектары азімага рапсу. Да ўборкі прыступілі дзве гаспадаркі – КСУП “Кракоўка” і КРСУП “Эксперыментальная база “Баруны”.
Дамовіўшыся з галоўным аграномам эксперыментальнай базы Віктарам Міхалоўскім, накіроўваемся на поле амаль у межах горада, якое яшчэ некалькі месяцаў назад прываблівала ашмянцаў сваім яркім колерам і было выдатным месцам для фотасесій.
За якісьці месяц жоўтая палітра палетка змянілася насычанай вохрай, дапоўніўшы пастаральны пейзаж плямкай зялёнага – упэўнена плыве па полі камбайн, якім кіруе Мікалай Альшук.
Нягледзячы на тое, што насенне рапсу значна меншае, чым у зерневых культур – сыпучае, цячэ як вада – яго ўборка не патрабуе спецыяльна тэхнікі: у звычайным зернеўборачным камбайне неабходна памяняць толькі прычапное прыстасаванне – “рапсавы стол”, а астатняе – справа дбайнага падыходу. А з гэтым у камбайнера праблем няма. Па-гаспадарску ставіцца да любой справы Мікалая Пятровіча навучылі бацькі – вясковыя рупліўцы з Трасечанят. Працавітасць і павагу да роднай зямлі ён перадаў сваім дзецям, а цяпер з гонарам прызнаецца, што падрыхтаваў сабе надзейную змену: унука Арцёма, які ў гэтым годзе скончыў першы курс Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа і ў хуткім часе стане яго памочнікам.
У эксперыментальнай базе “Баруны” азімы рапс займае самую вялікую плошчу сярод гаспадарак раёна – 480 гектараў, таму Мікалай Альшук працуе амаль да змяркання. Такі тэмп падчас уборкі – справа звыклая.
— Уцягваешся хутка, – прызнаецца Мікалай Пятровіч. – Нават і не заўважаеш, як дзень праходзіць. Каб справа ішла спорна, кіраўніцтва гаспадаркі разам з райкамам прафсаюза работнікаў АПК паклапацілася пра гарачае харчаванне. Кормяць нас двойчы – з дому браць абед патрэбы няма – ежы хапае.
Забяспечаны камбайнер і пітной вадой, і спецвопраткай. У кабіне яго камбайна працуе кандыцыянер, які дапамагае справіцца з неймавернай спёкай. Сучасныя ўмовы працы нават у параўнанне не ідуць з тымі, калі прыходзілася сядзець за штурвалам “Енісея” і “Нівы” – было і такое ў працоўнай біяграфіі барунскага механізатара.
— І на вёсцы можна зарабіць. Галоўнае – не быць гультаём, — зазначае Альшук. – Лёгкіх грошай нідзе не бывае. А каб жыць дастойна, трэба працаваць. Каб і дом дагледзець, і дзецям дапамагчы, і ўнукаў парадаваць.
Вопыт работы ў сельскай гаспадарцы дапамагае Мікалаю Пятровічу разбірацца ў агранамічных справах не горш за спецыялістаў. Вось і на рапс ён ускладвае вялікія надзеі.
Пакуль пра ураджайнасць гаварыць яшчэ рана, першыя дні паказалі 26,7 цэнтнера з гектара, аднак гэта яшчэ толькі пачатак.
— Гэта культура патрабавальная: вымагае прытрымлівацца строгіх агранамічных тэхналогій, аднак пасля аддзячыць і рапсавым маслам, і шротам. А ў ім шмат бялку, мікраэлементаў і вітамінаў, якія садзейнічаюць прыбаўцы ў вазе жывёлы. Шмат плюсаў і ў рапсавай саломы. А яшчэ гэта культура зніжае “стомленасць” глебы – пасля рапсу добра растуць зерневыя каласавыя культуры.
Так што ў эканамічнай выгодзе вырошчвання азімага рапсу у аграрыяў сумневу няма – усе затраты ў выніку акупяцца. А гэта значыць, што нялёгкая праца сельскіх рупліўцаў будзе дастойна ўзнагароджана.