Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
20.06.2022

Імпрэза “Вечары ў Соф’і Гальшанскай” прайшла ля сцен Гальшанскага замка

У суботу муры Гальшанскага замка ажылі. Пад сценамі некалі велічнай “каменнай кветкі” Гальшанскага краю разгарнулася першая ў гэтым сезоне імпрэза “Вечары ў Соф’і Гальшанскай”, арганізаваная работнікамі ўстаноў культуры Ашмянскага раёна. Насычаная вячэрняя праграма сабрала шматлікіх гасцей, сярод якіх людзі рознага ўзросту, прыезджыя і мясцовыя жыхары. Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб мерапрыемства было цікавым і для дарослых, і для дзяцей. У гэты дзень можна было паўдзельнічаць у майстар-класе па ганчарнай справе, які правёў работнік Ашмянскага аддзела раместваў і традыцыйнай культуры Мар’ян Козар, а таксама набыць на памяць сувеніры і салодкія падарункі ў “Горадзе майстроў”. Дзеці з задавальненнем прыгалі на батутах і надзіманых атракцыёнах, каталіся на дзіцячых машынах. На свяце можна было паспытаць папкорн і салодкую вату, пернікі і цукеркі ручной работы, а таксама падсілкавацца ў гандлёвай палатцы Ашмянскага філіяла абласнога спажыўтаварыства. Падчас імпрэзы музейныя работнікі філіяла краязнаўчага музея “Гальшанскі замак” ладзілі экскурсіі на паўночную вежу замка. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца са шматлікімі тэатралізаванымі “жыхарамі замка” і жывымі статуямі. Адкрылі свята сярэднявечнай музыкі і культуры тэатралізаваным прадстаўленнем гаспадары. Соф’я Гальшанская і Ягайла са сваімі сынамі “разгарнулі” чарговую старонку з гісторыі знакамітага роду Ягелонаў. Пасля чаго наведвальнікаў імпрэзы чакалі паказальныя выступленні клуба гістарычнай рэканструкцыі «Велікамір” з Мінска. Жывая музыка і майстар-клас па сярэднявечных танцаў сабралі ў круг самых актыўных. А самыя смелыя змаглі нават паспрабаваць сыграць на старажытным духавым інструменце. Шмат жадаючых было паўдзельнічаць у рыцарскіх забавах. Дзеці і сямейныя пары перацягвалі канат, стоячы на калодачках, спрабавалі ўтрымаць на вісу халодную зброю маргенштэрны, а таксама збіць адзін аднаго мяхамі. Дзеці змагаліся з рыцарамі з дапамогай “мяккай” зброі. Кожны мог паставіць стаўкі падчас забегу мадагаскарскіх тараканаў. Відовішчнае шоу тэатра цыганскай песні “Жемчуга” паднімала гледачоў з месца і клікала танцаваць разам з энергічнымі і яркімі артыстамі, якіх віталі бурнымі апладысментамі. Яркім відовішчам і фінальным акордам вечара стала вогненнае шоу. АВ