18.08.2021
Як падрыхтаваліся ўстановы адукацыі Ашмянскага раёна да 1 верасня
На календары – жнівень, а гэта значыць, што хутка
пачнецца новы навучальны год. Зараз ва ўстановах адукацыі Ашмянскага
раёна праходзіць узаемаправерка. Аб гатоўнасці сістэмы адукацыі да 1
верасня — наша гутарка з начальнікам упраўлення адукацыі Святланай
Баркоўскай.
— Святлана Мікалаеўна, з якімі думкамі і настроем вы сустракаеце новы навучальны год?
— Усе ідзе згодна з планам. У новым навучальным годзе ў Ашмянскім раёне
будуць функцыянаваць 27 устаноў адукацыі: з іх сярэдняй адукацыі –
чатырнаццаць, спецыяльнай – адна, дашкольнай – дзесяць,
сацыяльна-педагагічных устаноў – адна, дадатковай адукацыі – адна.
Сёлета сядуць за парты 3788 вучняў, што складае 239 камплектаў класаў.
Вучэбны працэс ва ўстановах адукацыі раёна забяспечвае 731 педагог. У
гэтым годзе дружную настаўніцкую сям’ю папоўніць 41 малады спецыяліст,
30 з якіх – ураджэнцы нашага раёна, што не можа не радаваць. Спадзяёмся,
што маладыя кадры надзейна замацуюцца на Ашмяншчыне.
— На гэтым тыдні праходзіць прыёмка ўстаноў
адукацыі з падпісаннем адпаведных сертыфікатаў. Наколькі поўна, на вашу
думку, створаны ў раёне ўмовы для якаснага навучання дзяцей і
прафесійнай дзейнасці педагогаў? — Ва ўстановах адукацыі
раёна праведзена сур’ёзная работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага
года. На рамонтныя работы на дадзены момант пайшло 96032 рублі, у тым
ліку з раённага бюджэту – 46146 рублёў, пазабюджэтных сродкаў – 39129
рублёў, спонсарскіх – 10757 рублёў. Ва ўсіх установах адукацыі
праведзены касметычныя рамонты памяшканняў, набыты кухонны і сталовы
посуд, мэбля. Праведзены работы па добраўпарадкаванні прылягаючай
тэрыторыі, рамонце і фарбаванні спартыўнага і гульнявога абсталявання,
памяшканняў. У дзіцячым садку №6 адрамантаваны дзве ценевыя павеці, у
дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці горада і яслях-садзе №6 – буфетныя.
Заключаны дагавор на рамонт механічнай вентыляцыі на блоках харчавання ў
Жупранскім і Кракоўскім садках, яслях-садзе №1. Вядзецца грунтоўная
работа па рамонце даху ў садку №4 – выдаткі складаюць 101000 рублёў,
пасля чаго будзе адрамантавана таксама адмостка і асфальтабетоннае
пакрыццё пешаходных дарожак і пад’ездаў на тэрыторыю дашкольнай
установы. У Гальшанскай СШ абсталяваны кабінет тэхнічнай
працы, праведзена часткова замена мэблі ў СШ №1, СШ №2, гімназіі №1. У
СШ №3 заменены ў вучэбных сталах усе стальніцы. Набыта надворнае
абсталяванне ў садку аграгарадка Гальшаны. І гэта толькі частка
праведзенай значнай работы. — Адзін з важнейшых момантаў працэсу навучання – яго бяспека. Як арганізавана работа ва ўстановах адукацыі ў гэтым накірунку?
— Ва ўстановах адукацыі пастаянна вядзецца работа па арганізацыі
бяспекі дарожнага руху ля сваіх устаноў. Маніторынг праводзіцца ДАІ
сумесна з упраўленнем адукацыі. З мэтай стварэння бяспечных умоў
устаноўлены сістэмы відэаназірання. Выкананы ўсе патрабаванні РАНС па
захаванні пажарнай бяспекі. Тэрыторыі ўсіх устаноў агароджаны.
— Як вядома, якасць навучання залежыць ад
арганізацыі якаснага харчавання выхаванцаў. Як выконваецца ўстановамі
адукацыі план па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў
харчавання? — За бюджэтныя сродкі ў СШ №2 набыты крэслы ў
абедзенную залу, Барунскі і Граўжышкоўскі НПК – вагавае абсталяванне,
яслі-сад №4 – стэлажы для захавання прадуктаў, электрапатэльня, тры
адзінкі халадзільнага абсталявання. Новыя тэхналагічныя ванны і стэлажы
з’явіліся ў буфетных дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў горадзе і
садку №6. Задаволены абноўкамі ў Навасёлкаўскім НПК, СШ №3, яслях-садзе
№7. Практычна ва ўсіх установах праведзены касметычныя рамонты блокаў
харчавання. На гэтыя мэты затрачана 2838 рублёў, з іх 2357 рублёў –
пазабюджэтныя сродкі. Каля 10000 рублёў пайшло на набыццё сталовага і
кухоннага посуду, замены інвентару, спецвопраткі, мыйных сродкаў і
дазатараў для антысэптыку. У чатырох установах у блоках харчавання
ўсталяваны прытокава-выцяжныя сістэмы. — Як будзе ў бягучым навучальным годзе арганізаваны падвоз дзяцей ва ўстановы адукацыі?
— У новым навучальным годзе ў раёне плануецца падвоз 599 дзяцей (484 —
школьнікі і 115 – дашкольнікі). Для гэтага ў нас маецца 13 аўтобусаў.
Для падвозу дзяцей у Гальшанскую СШ мы плануем сёлета купіць аўтобус за
сродкі абласнога бюджэту. Наш транспарт заўсёды своечасова рамантуецца. З
раённага бюджэту выдзяляюцца сродкі на закупку запасных частак,
прахаджэнне тэхагляду, тэхнічнае абслугоўванне. — У нашым раёне заўсёды актыўна праходзіць акцыя “Сабяром дзяцей у школу”. Ці можам мы гаварыць пра папярэднія яе вынікі?
— Вынікі пакуль падводзіць рана. Між іншым адзначу, што з раённага
бюджэту выдаткавана 79560 рублёў для 538 шматдзетных сем’яў, якія
выхоўваюць 1097 дзяцей (па 72 рублі). Арганізацыямі і прадпрыемствамі
раёна на сёння на падрыхтоўку да школы аказана папамога на суму больш за
21620 рублёў для 124 сем’яў. — Дзякуй за гутарку. Няхай новы навучальны год будзе паспяховым і бяспечным.