Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
30.06.2024

Ля сцен Гальшанскага замка адзначылі Купалле

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. З асаблівым размахам святкуюць яго і на Ашмяншчыне. Песні, танцы, гульні аб’ядналі ўдзельнікаў свята «Купалле на Гальшанскім замку”. Да спадобы аматарам народных традыцый прыйшліся святочны тэматычны канцэрт, а таксама гульні і конкурсы, майстар-класы па пляценні вянкоў, карагоды, фітабар, фотазоны, выстава-продаж работ рамеснікаў, атракцыёны для дзяцей. У паўночнай вежы гасцей сустракалі супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф.Багушэвіча, якія знаёмілі з гісторыяй замка і яго гаспадароў, расказвалі легенды пра Чорнага Манаха і Белую Панну. Зрэшты, містыка ў гэты вечар была паўсюль. Нездарма з Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а  сонца на золку «гуляе». Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак, стаць вельмі шчаслівым  можна з дапамогай кветкі папараці,  якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы, да якога далучыліся ўдзельнікі свята ў Гальшанах. На працягу некалькіх гадзін на пляцоўцы ля замка ліліся чароўныя гукі музыкі. Асалоду сустрэчы з прыгожым усім прысутным падарылі народны вакальны ансамбль “Мельніца”, народны сямейны ансамбль “Граўжанцы”, а таксама заслужаны калектыў «Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі» і фальклорнае шоу «Забабоны». Удзельнікі свята разам з артыстамі пускаліся ў пляс, шчодра адорвалі танцораў і выканаўцаў апладысментамі і радаснымі ўсмешкамі. Асаблівы каларыт святу надалі купальскае ачышчальнае вогнішча і вогненнае шоу. Купальскі вечар усе, хто завітаў да сцен Гальшанскага замку, сустрэлі на дыскатэцы. Наталля, жыхарка Валожына: — Вельмі падабаецца свята. Шмат цікавостак, весела і дзецям, і дарослым. Мы прыехалі сёння ўсёй сям’ёй. Плялі вянкі, спрабавалі традыцыйны беларускі квас, нават хлеб набылі, спечаны, як раней, на заквасцы. Вераніка і Віка, жыхаркі Ашмян: — Адзначаць Купалле – вельмі прыгожая традыцыя. Яна не толькі дорыць пазітыўныя эмоцыі, але і знаёміць з асаблівасцямі беларускай нацыянальнай культуры. Трапіўшы на свята, вырашылі абавязкова наведаць музейную экспазіцыю. Тут даволі цікава. Дамініка і Карына, жыхаркі Ашмян: — На свята мы прыехалі з бацькамі. Ужо паспелі прайсці ля гандлёвых кропак і набыць сувеніры, наведаць аглядальнцю пляцоўку на паўночнай вежы замка. Падчас майстар-класа навучыліся плесці вянкі. Чакаем, калі будуць карагоды ля вогнішча і вогненнае шоу.