Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Ашмянскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны / Навiны раёна
24.10.2024

Магазін, які прыедзе сам. Як працуюць аўталаўкі ў Ашмянскім раёне?

 Штораніцы аўтамагазіны Ашмянскага філіяла аблспажыўтаварыства адпраўляюцца са сваёй базы па шасці звыклых маршрутах, каб забяспечыць таварамі першай неабходнасці жыхароў аддаленых вёсак свайго раёна, а таксама часткі Іўеўскага. Каўбасы некалькіх айчынных вытворцаў, мясныя паўфабрыкаты, ахалоджанае свежае мяса, малако і кісла-малочныя вырабы, свежыя хлеб і батоны, духмяныя булачкі ўласнай вытворчасці, яйкі, алей, цукеркі і пячэнне, крупы і макароны, чай, апельсіны – усяго і не пералічыш, што вязе магазін на колах сваім пакупнікам у населеныя пункты, дзе няма стацыянарнай крамы. Аўталаўка проста не мае права не даехаць, бо ў адведзены графікам тэрмін яе чакаюць вяскоўцы. Нават калі за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра пражывае на хутары ўсяго толькі адзін чалавек, аўталаўка ўсё роўна адпраўляецца па маршруце. Чатыры з шасці аўталавак, што маюцца ў наяўнасці ў філіяле, курсіруюць па Ашмянскім раёне. Амаль усе яны новыя, закупленыя за сродкі Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Адзін з аўтамабіляў быў набыты два гады назад. Яшчэ двума новымі аўто з фургонамі парк філіяла папоўніўся ў гэтым годзе. Апошні з іх толькі “знаёміцца” з населенымі пунктамі Ашмяншчыны. Беларуская аўталаўка “Юніскаф” на шасі расійскага ГАЗон NEXT прыйшла на змену сваёй папярэдніцы на маршруце па Гродзінскім і Жупранскім сельсаветах. Плюсы новай тэхнікі ўжо паспелі ацаніць як кіраўніцтва арганізацыі, так і самі пакупнікі. – Калісьці ўбачыць ужывую тавар людзі на паліцах зашклёнай аўталаўкі не маглі, арыентаваліся толькі на спіс «Сёння ў продажы». У сучасных фургонах зусім іншая планіроўка, – адзначае намеснік дырэктара Ашмянскага філіяла абласнога спажыўтаварыства Ніна Рыбак. – Дзве дэманстрацыйныя вітрыны з халадзільным абсталяваннем, маразільныя лары, зручныя паліцы-стэлажы дапамагаюць зрабіць належную выкладку і пры гэтым захаваць якасць тавару. Восенню і зімой хутка цямнее. На гэты выпадак прадугледжана спецыяльнае падсвечванне вітрыны. Упадабалі сучасны магазін на колах і вяскоўцы. Цяпер яны не толькі могуць добра разгледзець тавар і цэннікі, але і прымасціць на прыстасаваны прылавак свае торбы. Жыхаркі вёскі Сухадолы Ганна Юркевіч і Галіна Муха пачалі распавядаць пра прадаўца Таццяну Янушкевіч, якую яны называюць ласкава “наша Танечка”. — Лепшага прадаўца нам і не трэба. Любую нашу просьбу выканае, заўсёды дапаможа з выбарам, падкажа, чаму аддаць перавагу, — расхвальваюць жанчыны сваю прадавачку, а разам з ёй і вадзіцеля Міхаіла Пуцяту, з якім Таццяна працуе разам на працягу васьмі год. Аўтамагазін – гэта вам не стацыянарная крама. Тут свая спецыфіка – са сваімі плюсамі і мінусамі, – аднак гэты фургончык Таццяна ні за што не прамяняе. Больш за дзесяць год яна аддала працы ў сістэме грамадскага харчавання, аднак знайшла сябе менавіта тут:  у гэтых маленькіх вёсках, дзе яе чакаюць як самага дарагога госця, дзе гатовы раскрыць сваю душу і шчыра падзякаваць за нялёгкую, аднак такую неабходную працу. Тут звычайная ўсмешка і цёплае слова могуць сагрэць больш, чым самае дарагое футра. Таццяна ведае кожнага свайго пакупніка не толькі ў твар. У спецыяльным сшытку запісаны ўсе нумары тэлефонаў вяскоўцаў – на выпадак, калі штосьці здарыцца ў дарозе і аўталаўка выб’ецца са звыклага графіку. Адваротная сувязь ёсць і ў людзей. Яны могуць звязацца ці з прадаўцом, ці напрамую патэлефанаваць спецыялістам у філіял. У Сухадолах аўтамагазін стаіць паўгадзіны. За гэты час і атаварыцца можна, і навінамі мясцовымі падзяліцца, і выказаць пажаданні прадаўцу, што прывезці ў чарговы раз, які будзе зусім скора – у суботу. Наступным прыпынкам на маршруце сталі Труханы, дзе ў будні дзень пакупнікоў можна пералічыць на пальцах адной рукі. Вадзіцель гучна падае сігнал, і дзве жанчыны паяўляюцца з-за рога бліжэйшай хаты. – Прадуктаў набіраю адразу на цэлы тыдзень, — заўважае Крысціна Сцефановіч і дастае ўжо запісаны на паперы “спісок” – каб нічога не забыцца. – Вось вырашыла “селядцом пад шубай” сябе пацешыць, мяса купіць, а таксама булачак да чаю. Важна не забыцца пра пачастункі для ката з сабакам. Як высветлілася, для вусатых-паласатых ёсць тут і спецыяльны сухі корм, і крывяная каўбаса, і мясныя наборы Лідскага філіяла – прынамсі, зусім па смешнай цане. Падышла да аўталаўкі стараста вёскі Тэрэса Прыбыльская. Пад’ехалі на аўтамабілі госці з суседняй Літвы, якія ў чарговы раз наведаліся на сваю малую радзіму. – Прыязджаем не так часта, як хацелася б, – прызнаецца Аляксей. – На мяжы прыходзіцца прастойваць суткамі. Менавіта гэта і спыняе. Хто б мог падумаць, што літоўская старана будзе чыніць такія перашкоды. А на Радзіму ўсё роўна цягне. Я мясцовы, з гэтай вёскі, а Алена нарадзілася на Астравеччыне. З задавальненнем купляем беларускія прадукты, бо ведаем, што тут усё натуральнае і якаснае. – Дзякуй, Таццяна і Міхаіл! Будзем чакаць вас у суботу! – развітваюцца жыхары вёскі. Раптам нехта ўзгадвае, што ў выхадныя адзначаецца Дзень аўтамабіліста, і віншаванні “сыплюцца” на Міхаіла Пуцяту, які за рулём магазіна на колах аддана працуе вось ужо 11 год. Новенькі аўтамабіль стаў для яго дастойным падарункам на прафесійнае свята. Каб не выбіцца з графіка, які, дарэчы, разам з маршрутамі ўзгадняецца ў райвыканкаме, аўталаўка імчыць далей – у Дэбесі. Мы ж бярэм курс на Ашмяны. У Ніны Іванаўны Рыбак звініць тэлефон: стараста Палян цікавіцца, як хутка будзе аўталаўка ў Палянах. Лічаныя хвіліны спатрэбіліся намесніку дырэктара, каб з дапамогай GPS-навігатара вызначыць, дзе знаходзіцца аўтамабіль, і паведаміць жыхарам Палянаў, што ён ужо прыехаў у вёску. — Наўрад ці хто зможа замяніць нашы перасоўныя крамы, бо з-за высокіх транспартных выдаткаў на ўсіх маршрутах мы нясем страты, – дадае Ніна Рыбак. – За месяц маршрут, якім мы толькі што ехалі, дае больш за 30 тысяч тавараабароту ў месяц. Аднак за адзін дзень аўтамагазін аб’язджае ад 12 да 27 населеных пунктаў. Транспарт хутка зношваецца, бо прыходзіцца ездзіць і па гравійных, і па лясных дарогах. Тэрмін службы аўталаўкі вызначаецца шасцю гадамі. А пасля прыходзіцца ўкладвацца ў частыя рамонты. Аднак мы не маем права адказацца ад людзей. Такі сацыяльны арыенцір нашай арганізацыі, якая вось ужо 108 год ідзе насустрач простаму вясковаму чалавеку. Дзякуючы падтрымцы нашай дзяржавы мы і далей будзем рабіць усё неабходнае для паляпшэння гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.